Фальклёрны ансамбль «Тутэйшая Шляхта» пераклаў на беларускую мову саўндтрэк да тэлесерыялу «Вядзьмар» (The Witcher) ад Netflix, піша «Радыё С**бода». Серыял зняты па матывах апавяданняў польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага.
«Вядзьмар» стаў адным з самых папулярных тэлешоў Netflix.
Зрабіць кавер «Тутэйшай Шляхце» прапанаваў стваральнік праекту VKL3D Ахрэм Белабровік. Перакладалі тэкст для мастацкая кіраўніца ансамблю Вольга Махнач і вакаліст Дзяніс Сцяпура. Для перакладу артысты карысталіся ангельскім арыгінальным тэкстам і расейскім мастацкім перакладам.
Увесь працэс ад ідэі да рэалізацыі заняў тыдзень.
«Гэта мой першы досвед перакладу, але з дапамогай Вольгі ўсё атрымалася лёгка, хутка і прыгожа. Аранжыроўку яна напісала за дзень, пасля мы разок адрэпетавалі і за некалькі дубляў запісалі гэта на відэа на сваёй рэпетыцыйнай кропцы», — напісаў С**бодзе Сцяпура.
Артысты «Тутэйшай Шляхты» плануюць выконваць запісаную песню на сваіх канцэртах. Сцяпура адзначыў, што кавер запісалі на аматарскім узроўні, і ансамбль запіша беларускую версію саўндтрэку, калі знойдуцца тыя, хто дапаможа з гэтым.
«Дубль з падаючымі харугвамі мы пакінулі адмыслова, каб павесяліць гледачоў. Гэта наш саліст Андрэй Сцяпанаў так гучна спяваў, што затрэсліся сцены і пачалі падаць прадметы», — напісаў Сцяпура.
Перакладчыцкая суполка «RэZэрвацыя» сабрала на Talaka.org 3260 рублёў на пераклад і агучванне па-беларуску тэлесерыялу «Вядзьмар». Усяго праекту неабходна 7780 рублёў.
Суполка хоча не проста агучыць па-беларуску першы сезон (8 серый, кожная па 60 хвілін, выйшаў у канцы 2019 году), але і выдаць пераклад легальна на сэрвісе Netflix, а таксама зрабіць платформу для далейшай супрацы з Netflix. Апошняе дасць магчымасць пасля перакласці і агучыць, напрыклад, «Чорнае люстэрка» (Black Mirror) ці «Дзіўныя справы» (Stranger Things).