Беларускія феміністкі далі грант гродзенскаму рэперу, які троліць феміністак. А цяпер яшчэ і намінавалі на прэмію, піша n*.by.
Прэміяй «Зрабілі!» штогод узнагароджваюць найлепшыя ініцыятывы па развіцці супольнасці. Як правіла, гэта ЛГБТ-праекты, экалагічныя і бодзіпазітыўныя рухі. На апошняй прэміі адзначылі аўтара «фемінісцкага рэпу» Максіма Скавіньскага. Праўда, аказалася, што рэп той зусім не пра фемінізм — ён хутчэй падобны да тролінгу.
Вось, напрыклад, трэк «Я бомба». Спявае дзяўчына. Прывядзем толькі некалькі радкоў: «называйце мяне інстамамкай», «мой рэп — кропка G, ты не змог яе знайсці», «занадта дзерская для цёлкі».
Ці іншы трэк — «Маньяк». Пра тое, як дзяўчына на абцасах, у калготах у сетачку, «адзетая быццам прастытутка» ідзе праз цёмны лесапарк.
Ну і, уласна, сама вокладка рэп-альбома.
Максім Скавіньскі — прадзюсар праекта (ён называецца Bomba). Хлопец родам з Гродна, але цяпер працуе ў Польшчы краўцом. Музыка — яго хобі. Максім расказаў «Нашай Ніне», як прыдумаў праект.«Мы з хлопцамі абмяркоўвалі сучасны жаночы рэп — Alyona Alyona, Нікі Мінаж… Пачалі разганяць гэту тэму і вырашылі запісаць штосьці больш жорсткае. Паглыбцеся ў тэматыку і зразумееце, што гэта адказ на сучаснае мастацтва, якое цяпер ёсць.
Часткова гэта сцёб, бо праз гумар можна даносіць ідэі. Феміністкі ж не асноўная мэтавая аўдыторыя гэтага рэпу. Ён разлічаны на пацаноў, якія пра гэта нават не чулі», — кажа хлопец.
Пракаментаваў ён і заўвагі да вокладкі альбома.
«Чаму феміністкі ўганяюць людзей у рамкі і кажуць, што можна рабіць, а што не? Фемінізм — гэта права выбару. Калі дзяўчына хоча паказаць сваё цела, то гэта яе справа», — адказаў Максім.
Чытайце таксама: У Гродне знялі кліп для феміністычнага рэп-праекта «Бомба»: там ёсць тверк, фрыкі і барацьба са стэрэатыпамі
Цікава, што на запіс гэтага альбома ён атрымаў грант памерам $ 500 на конкурсе для актывістаў Idea Generation Camp.
«Усе чэкі я прадаставіў арганізатарам, — кажа Максім. — $ 400 пайшло на запіс чатырох трэкаў. $ 100 — на здымкі кліпа, прычым асноўная частка — на ежу для групы, нас удзельнічала 20 чалавек».
Прэмію «Зрабілі!» арганізуе Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі.
«Мы шкадуем, што склалася такая сітуацыя, і прыносім свае выбачэнні. Намінанты прэміі былі сфарміраваныя па рэкамендацыі партнёраў і пераможцаў мінулых гадоў», — кажа дырэктарка Офіса Святлана Зінкевіч.
Яна тлумачыць, што сёлета сертыфікаты ўдзелу яны ўручылі ўсім ініцыятывам, якія былі намінаваны. А статуэткі — толькі тром праектам. Фемінісцкага рэпа сярод іх не было.
«Нам варта было больш уважліва паставіцца да кантэнту ўсіх прапанаваных намінантаў. Мы будзем працаваць над крытэрыямі намінацыі і ацэнкі», — запэўнілі арганізатары прэміі.