Улады палічылі размеркаванне заробкаў не толькі ў сярэднім па краіне, але і па асобных рэгіёнах. Ацаніце, у якую зарплатную групу трапляеце вы, прапануюць banki24.by.
Як збіраюць статыстыку
Статорганы збіраюць звесткі аб размеркаванні заробкаў работнікаў двойчы ў год – па выніках мая і лістапада. У выбарку ўваходзяць занятыя на буйных і сярэдніх прадпрыемствах. У лістападзе 2019 года аб заробках зрабілі справаздачу прадпрыемствы, на якіх працуюць 2,587 мільёна чалавек. Гэта эквівалентна 59,7% усяго насельніцтва, якое занята ў эканоміцы. З сабраных дадзеных улады падлічваюць медыянную зарплату і самую частую (мадальную) зарплату.
Медыянная зарплата – гэта такая зарплата, вышэй і ніжэй за якую размеркаваны па 50% работнікаў. Мадальная зарплата – гэта зарплата, якая часцей за ўсё сустракаецца ў зарплатным шэрагу. Медыянная і мадальная зарплаты даюцца да выплаты падаходнага падатку (13%) і ўнёску работніка ў ФСАН (1%). Акрамя таго, большасць работнікаў у Беларусі плаціць з заробку яшчэ і прафсаюзныя ўнёскі.
Самыя багатыя – у Мінску
У лістападзе 2019-га сярэдні заробак па краіне склаў 1 113 BYN, медыянны – 848,5 BYN, мадальны – 599,8 BYN. Гэта значыць, што па 50% работнікаў у лістападзе была налічаная зарплата альбо вышэй, альбо ніжэй за 848,5 BYN, а самым частым заробкам у выбарцы Белстата былі 599,8 BYN.
Сярод тэрыторый самая высокая медыянная і мадальная зарплата чакана адзначалася ў Мінску – 1 088 BYN і 947,9 BYN. Іншымі словамі, больш за палову работнікаў сталіцы бачылі ў графе «налічана» запаветную тысячу рублёў. Праўда, за вылікам падаткаў чыстая зарплата на рукі не дацягвала да тысячы і вагалася каля 940-950 BYN.
Самымі беднымі па медыяннай зарплаце былі работнікі Віцебскай вобласці. У гэтым рэгіёне налічаная медыяна склала толькі 757,8 BYN. У Брэсцкай вобласці медыянны заробак дасягнуў 790,2 BYN, у Гомельскай – 774,7 BYN, у Гродзенскай – 777,7 BYN, у Мінскай – 854,8 BYN, у Магілёўскай – 768,2 BYN. Розніца паміж Мінскай вобласцю і астатнімі тлумачыцца эфектам высокіх заробкаў на Беларуськаліі.
Мадальны (які найчасцей сустракаецца) заробак у Брэсцкай вобласці склаў 572,1 BYN, у Віцебскай – 562,3 BYN, у Гомельскай – 471,1 BYN, у Гродзенскай – 573,2 BYN, у Мінскай – 652,3 BYN, у Магілёўскай – 559,9 BYN.
Дзе працуюць багацеі
У лістападзе 2019 года ў выбарцы налічвалася 55,2 тыс. работнікаў з налічаным заробкам да 300 BYN і 3,1 тыс. – з заробкам звыш 10 000 BYN. Бедныя работнікі размяркоўваліся адносна раўнамерна па ўсёй краіне, а вось багатыя канцэнтраваліся ў Мінску – 2,7 тыс. чалавек з 3,1 тыс. Абсалютная большасць высокааплатных работнікаў сталіцы працавала ў IT-сектары.
Сярод абласцей толькі па Мінскай было 185 чалавек з заробкам ад 10 000 BYN, а ў астатніх колькасць багацеяў вагалася ад 36 да 78 чалавек. Налічаную зарплату ад 1 000 BYN ў лістападзе 2019 года мелі 37,5% работнікаў, у тым ліку па Мінску – 56,9%. У абласцях доля работнiкаў з заробкам не менш за 1 000 BYN была такой: Брэсцкая – 31,2%, Віцебская – 29,4%, Гомельская – 32,2%, Гродзенская – 29,9%, Мінская – 38%, Магілёўская – 28 , 9%.


