Старшыні гарвыканкама і аблвыканкама запісалі навагоднія віншаванні для гродзенцаў. У іх яны пажадалі шчасця і аптымізму, а таксама расказалі пра важныя падзеі, якія прайшлі ў рэгіёне сёлета.

— Сыходзячы 2019 год быў няпростым. Але ў цэлым для нашага горада пазітыўным і плённым, — сказаў Мечыслаў Гой.

Ён успомніў аб юбілеях вызвалення Гродна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўтварэнні Гродзенскай вобласці. Адзначыў развіццё інфраструктуры, з’яўленне 20 новых устаноў грамадскага харчавання і рэкордную колькасць бязвізавых турыстаў - 120 тысяч. Таксама Гродна ўвайшоў у лік лепшых гарадоў для жыцця і вядзення бізнесу.

У надыходзячым годзе Мечыслаў Гой плануе адзначыць 75-гадовы юбілей Перамогі, правесці Фестываль нацыянальных культур і III Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

Уладзімір Краўцоў ўспомніў аб святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Слоніме, выставу-кірмаш Еўрарэгіён «Нёман» і міжнародны бізнэс-форум. А таксама тое, што вобласць сустрэла 75-гадовы юбілей.

— Усе хвалюючыя пытанні вырашаліся супольна. Мы планавалі, стваралі і развіваліся. Разам пераадольвалі цяжкасці і праходзілі выпрабаванні, — кажа Краўцоў.

У будучым годзе ён падумае аб прыцягненні інвестыцый, пашырэнні геаграфіі знешняга гандлю і пашырэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёну.