Пракуратура Гродна адмяніла рашэнне міліцыі аб адмове ва ўзбуджэнні справы, паведамляе актывіст Анатоль Мышкевіч. Яе маглі распачаць з-за выяўлення мноства трупаў жывёл каля Пункта ўтрымання бяздомных жывёл СпецАўтаГаспадаркі. Матэрыял з пісьмовымі ўказаннямі накіраваны начальніку Ленінскага РАУС на дадатковую праверку.
12 верасня валанцёры паведамілі, што каля Пункта часовага ўтрымання жывёл па вуліцы Дамброўскага былі знойдзены трупы катоў і сабак, некаторыя з іх былі з аброжкамі. Валанцёраў цікавіла пытанне: адкуль такая колькасць забітых жывёл каля сцен арганізацыі, якая займаецца адловам і знішчэннем жывёл? У пункце часовага ўтрымання ў той жа дзень распавялі, што трупы жывёл яны не маюць права выкідаць на вуліцу. Усе трупы яны вывозяць у спецыяльную яму для ўтылізацыі.
Зоаабаронцы напісалі заяву ў міліцыю, а Анатоль Мышкевіч адправіў зварот у пракуратуру з просьбай правесці праверку. Знайшлі двух вінаватых, але прыцягваць іх да адказнасці міліцыя не стала. Анатолю не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму ён напісаў яшчэ адзін зварот у пракуратуру наконт правамернасці дзеянняў міліцыі.