На тэрыторыі вобласці размешчаны 697 гісторыка-культурных каштоўнасцей, многія з якіх знаходзяцца ў жаласным стане, піша ej.by са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.

Праверка пракуратуры паказала, што ўласнікі не толькі не займаюцца рэканструкцыяй, але нават не наводзяць элементарны парадак у будынках, залічаных да культурнай спадчыны. Гэта адбываецца пры патуранні мясцовых уладаў.

Так, да гэтага часу з’яўляецца прадметам судовай спрэчкі выкананне дагаворных абавязацельстваў паміж заказчыкам аб’екта «Фрагменты замка: дзве вежы, земляныя ўмацаванні з рэшткамі абарончых збудаванняў, былы палац, флігель» у Любчы Навагрудскага раёна (Любчанскі замак) і праектыроўшчыкам.

Устаноўлена, што без праектнай дакументацыі, дазволу Міністэрства культуры і мясцовага выканаўчага органа праводзіліся рамонтныя работы па абнаўленні фасадаў склада і інтэрната, якія ўваходзяць у склад комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Фрагмент былой Сядзібы ў аг.Мажэйкава» Лідскага раёна.

На працягу трох гадоў не ўведзены ў эксплуатацыю ў Гродне будынкі па вул.Віленскай, 14 (уласнік — ТАА «Аргалі ПропэрцізБіУай») і вул.Вялікай Траецкай, 57 (уласнік — ТАА «Лайт-М Інвест Буд»).

Не прыняты меры да ўтрымання ў належным стане аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны «Фрагменты ансамбля былога Палацу Храптовічаў: флігель, вяндлярня, парк, бібліятэка» ў вёсцы Шчорсы Наваградскага раёна (балансатрымальнік — ДУК «Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»).

сядзіба палац у Шчорсах
Фрагмент сядзібы ў Шчорсах
Амаль цалкам пашкоджана агароджа комплексу «Фрагменты комплексу былой сядзібы ў аг.Вялікае Мажэйкава» (уласнік — КСУП «Саўгас «Вялікае Мажэйкава»): яго каменная частка парасла мохам і пустазеллем. На самім будынку комплексу лушчыцца фарба і тынкоўка, абсыпаецца цагляны мур. Флігель сядзібы — у аварыйным стане. Між тым работы па кансервацыі гэтага аб’екта не праведзеныя з-за адсутнасці праектна-каштарыснай дакументацыі.


Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах


Не выкананы ўмовы ахоўнага абавязацельства КСУП «Варняны», на балансе якога знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць «Архітэктурны ансамбль цэнтра аг.Варняны».

У тэрміновай рэканструкцыі і рамонце маюць патрэбу аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны «Будынак друкарні» ў Лідзе па вул.Ленінская, 23 (уласнік — «Лідская друкарня»), а также «Комплекс былой сядзібы „Альбярцін“: два флігелі першая палова XIX стагоддзя» (балансатрымальнік — аддзел культуры Слонімскага райвыканкама) і «Комплекс кляштара бернардзінцаў: жылы корпус XVII — XVIII стагоддзі» (балансатрымальнік — УА «Слонімскі дзяржаўны медычны каледж»).

Належныя меры па прымусе ўласніка да рэканструкцыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны альбо іх канфіскацыі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы не прынялі.

Па выніках праверкі органы пракуратуры Гродзенскай вобласці ўнеслі прадстаўлення ў Гродзенскі гарадскі, 12 раённых і Гродзенскі абласны выканаўчыя камітэты. У актах нагляду пракуроры запатрабавалі скасаваць парушэнні заканадаўства аб захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Выкананне актаў нагляду ўзята на кантроль.


Праекты з Гродзеншчыны — сярод найлепшых па захаванні культурнай спадчыны