Галоўная інфармацыйная перадача на грамадзкім канале TVP цалкам праігнаравала масавую прысутнасьць беларусаў на перапахаванні Каліноўскага ў Вільні 22 лістапада, а ў адным з кадраў беларускі сьцяг выдалі за польскі, піша «Радыё С**бода».
Урачыстасьць перапахаваньня лідэраў і ўдзельнікаў паўстаньня 1863−1864 гадоў асьвятлялася ў польскіх СМІ сьціпла. Цырымонію трансьлявалі тэлеканал «Б****т», які зьяўляецца часткай грамадзкай польскай тэлевізіі TVP, а таксама каналы для палякаў замежжа — Polonia і TVP Wilno. Іншыя СМІ перадавалі паведамленьні ад інфармагенцтваў.
«Беларусаў прадставілі „палякамі зь Літвы“»
Прысутных у Вільні польскіх журналістаў, актывістаў і проста ўдзельнікаў цырымоніі зьдзівіў і абурыў вечаровы эфір галоўнай інфармацыйнай перадачы TVP1 «Wiadomości».
Як у Вільні прайшло перапахаванне Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў
Дырэктарка тэлеканалу «Б****т» Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Твітэры, што беларусаў там прадставілі «палякамі зь Літвы».
«Бываюць хвіліны, калі чалавека перапаўняе. Кім былі гэтыя людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, якіх быў такі натоўп у Вільні, пытаецца ў мяне праз мэсэнджэр калега з Гданьску. А я не разумею, чаму ён пытаецца. Сёньня я паглядзела „Wiadomości“ і ўжо ведаю. Мне было сорамна глядзець учорашнія навіны. Празь мяжу ў працоўны і халодны дзень прыехала маса беларусаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А пра гэта не было ані слова. Было сорамна перад літоўцамі, якія арганізавалі ўрачыстасьці, перад тысячамі беларусаў, якія прабіваліся празь мяжу і стаялі гадзінамі на моцным холадзе і якіх прадставілі „палякамі зь Літвы“. Пасыл „Wiadomości“ з учорашніх урачыстасьцяў у Вільні мала таго, што ня ўтрымліваў асноўных фактаў, якія былі бачныя няўзброеным вокам, дык выглядаў так, нібыта ў Польшчы кіруе „Канфэдэрацыя“ (нацыяналістычная кааліцыя ў Сэйме Польшчы. — РС)».
Чаго не было ў сюжэце «Wiadomości»?
Сваімі ўражаньнямі ад прысутнасьці ў Вільні і ад прагляду навінаў на канале TVP1 падзяліўся са С**бодай аналітык Інстытуту Цэнтральнай Эўропы Дамінік Вільчэўскі. Паводле яго, калі б нехта ў Польшчы хацеў даведацца пра ўрачыстасьці ў Вільні і атрымліваў інфармацыю толькі зь перадачы «Wiadomości», то дазнаўся б, што гэта было пахаваньне выключна польскіх герояў, пашану якім аддалі найперш палякі.
У агульных плянах глядач мог пабачыць бел-чырвона-белыя сьцягі, але рэпартэры за кадрам падкрэсьлівалі масавы ўдзел палякаў. На некалькіх кадрах можна было пабачыць абрэзаны беларускі сьцяг, які ператварылі ў польскі, абрэзаўшы ніжнюю белую стужку.
Паводле Вільчэўскага, на практыцы глядач не зразумеў, якое значэньне маюць студзеньскія паўстанцы для літоўцаў і беларусаў, і мог зразумець, што літоўцы і беларусы шануюць польскіх герояў.
«Я не хацеў бы падазраваць рэдактараў „Wiadomości“ ў кепскім намеры. Магчыма, гэта проста адсутнасьць ведаў і палёнацэнтрызм. На жаль, на ўроках гісторыі працягваюць вучыць, што Рэч Паспалітая — гэта Польшча, а яе жыхары — палякі ў сёньняшнім значэньні. Не гаворыцца пра шматкультурнасьць і шматэтнічнасьць той дзяржавы, якую хацелі адрадзіць паўстанцы. Я разумею, што ўспрыняцьце паўстанцаў можа ў кожнага быць розным, але ў гістарычным дыялёгу, ці нават трыялёгу, гаворка ідзе не пра тое, каб знайсьці агульную пазыцыю. Сэнс у тым, каб выслухаць і спрабаваць зразумець другі бок. Гэтага ў матэрыялах „Wiadomości“ не было, і таму словы пра тое, што „нас яднае гісторыя“ і што „польска-літоўскія адносіны яшчэ ніколі не былі такімі добрымі, як цяпер“ (пра што казалі рэпартэры), гучаць на гэтым фоне трошкі непраўдзіва», — кажа Дамінік Вільчэўскі.
«Нібы сам Каліноўскі ішоў па Вільні». Гродзенскі святар расказаў, як гэта — ісці побач з паўстанцамі
«Ня вельмі адрозьніваецца ад рэжымнай тэлевізіі Лукашэнкі»
Прысутны на віленскай цырымоніі гарадзкі актывіст зь Беластоку, сябра Інстытуту гарадзкой актыўнасьці Радослаў Пусько ў інтэрвію С**одзе назваў сюжэт польскай грамадзкай тэлевізіі прапагандай, якая «часам ня вельмі адрозьніваецца ад рэжымнай тэлевізіі Лукашэнкі».
«Людзей трэба вучыць, што мы можам ганарыцца нашай супольнай спадчынай»
У інтэрвію С**бодзе Агнешка Рамашэўска-Гузы кажа, што польскія каналы не высылалі ў Літву сваіх карэспандэнтаў і амаль не асьвятлялі перапахаваньне ані да, ані падчас урачыстасьці ў Вільні. І менавіта адсутнасьць зацікаўленасьці польскіх СМІ яна называе прычынай малой колькасьці ўдзельнікаў цырымоніі з Польшчы.
Зямлю з радзімы Каліноўскага пакінулі на магіле паўстанцаў у Вільні
«У Польшчы перакананыя, што ўсе героі — палякі. Шмат хто ня мае нават паняцьця пра гісторыю Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і што гэта была шматнацыянальная дзяржава. Я кажу не пра гісторыкаў, бо яны ўсё цудоўна ведаюць. Я маю на ўвазе папулярную гісторыю.
22 лістапада на сайце польскай грамадзкай тэлевізіі зьявіўся артыкул «Пахаваньне Арла і Пагоні. Як Літва і Беларусь забралі ў Польшчы герояў«.
«…былым малодшым братам спатрэбілася крокі з Серакаўскасам і культам Каліноўскага, каб яны не адчувалі пагрозы сваёй ідэнтычнасьці, — піша аўтар Кшыштаф Зваліньскі, называючы Каліноўскага пераробленым у беларуса палякам. — Малады нацыяналізм непісьменных да нядаўняга часу народаў мусіў змагацца з памяцьцю аб элітах, бо яны былі польскімі. Насуперак усяму, што было польскім, фарміравалася нацыянальная сьвядомасьць ў Літве, Беларусі і Ўкраіне».
Польская грамадзкая тэлевізія TVP пакуль не адказала на запыт С**боды з просьбай пракамэнтаваць форму і зьмест сюжэту пра ўрачыстасьці ў Вільні.