Намеснік прэзідэнта Беластока ў сваім фэйсбуку падзяліўся энтузіязмам наконт выкарыстання палякамі аэрапорта ў Гродне.

«У 80 кіламетрах ад Беластока ў нас ёсць аэрапорт, з якога самалёты ляцяць па ўсёй Еўропе і за яе межы. Калі б адначасова білет на палёт быў візай і пропускам для імгненнага перасячэння мяжы, аказалася б, што аэрапорт у Гродне становіцца вельмі прывабным для жыхароў Беластока. Ці магчыма гэта? На сённяшнім пасяджэнні нашай пяцёркі ў консульстве Беларусі высветлілася, што ёсць зялёнае святло для такога рашэння пасля завяршэння работ на памежным пераходзе ў Кузніцы», — напісаў намеснік прэзідэнта Беластока Адам Мусюк пасля размовы з генеральным консулам Беларусі Алай Фёдаравай.

У каментарыях намесніку прэзідэнта патлумачылі, што насамрэч з Гродна пакуль што лятаюць толькі чартары і адзін рэйс у Калінінград, і той не ўвесь год.

Партал DzienDobryBialystok спасылаецца на тое, што «Белаэранавігацыя» распавядала пра размовы з еўрапейскімі лоўкостамі наконт арганізацыі палётаў з Гродна. Пакуль гэта толькі размовы і няма пацверджання, што нейкі еўрапейскі перавозчык зацікаўлены ў такіх рэйсах.

Што не так з аэрапортам у Беластоку? Чаму ўлады горада зацікаўленыя ў палётах з Гродна?

У Беластоку шмат гадоў ідуць размовы пра адкрыццё паўнавартаснага рэгіянальнага аэрапорта. Пакуль што ў Крыўлянах пад Беластокам збудавалі узлётна-пасадачную паласу, але яна занадта кароткая і пакуль не атрымала патрэбнай сертыфікацыі. Таму, хаця паласу збудавалі больш за год таму, на ёй яшчэ не прызямліўся ніводзін самалёт.

Каб атрымаць сертыфікацыю патрэбна вырубіць некалькі гектараў лесу, што будзе магчыма не раней за вясну 2020. І ўсё роўна ў Беластоку змогуць прызямляцца самалёты разлічаныя на максімум 50 чалавек, якія могуць пралятаць да 2000 км за адзін палёт.

Тэма аэрапорта ў Беластоку рэгулярна ўсплывае ў час мясцовых выбараў у Польшчы. Многія палітыкі абяцаюць запусціць рэйсы, але ўжо шмат год гэтага не ўдаецца рэалізаваць.


Гродзенскі аэрапорт збіраюцца рэканструяваць пад прыём Boeing-747

«Ідуць перамовы з Ryanair і Wizz Air». Як працуе гродзенскі аэрапорт і ці прыляцяць сюды лоўкосты

У Беластоку абмяркоўваюць будаўніцтва аэрапорта і спадзяюцца на грошы гродзенцаў

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life