Дадаць навіну
Субота, 17 лістапада 2018, 04:35

У Беластоку абмяркоўваюць будаўніцтва аэрапорта і спадзяюцца на грошы гродзенцаў

У Беластоку шмат гадоў абмяркоўваюць будаўніцтва рэгіянальнага аэрапорта. Напярэдадні мясцовых выбараў кандыдат на прэзідэнта Беластока ад Аб’яднаных Правых Яцэк Жалек узгадаў пра гэты праект і запэўніў выбарцаў, што даходы аэрапорту забяспечаць пасажыры з Беларусі, перадае forsal.pl са спасылкай на PAP.

Жалек паабяцаў, што калі выйграе выбары, то горад дакладзе да будаўніцтва не менш за 25% ад патрэбнай сумы.

airport
Фота ілюстрацыйнае, jeshoots.com

“Акно ў свет”

У аўторак, 12 верасня, ён запэўніваў журналістаў, што рэгіянальны аэрапорт мог бы карыстацца папулярнасцю сярод турыстаў з Беларусі. “Беласток можа быць акном у свет для ўсіх братоў і суседзяў, якія жывуць за нашай усходняй мяжой”, – казаў кандыдат.

Яцэк Жалек прадставіў лічбы, згодна з якімі штомесяц Беласток наведвае 400 тыс. беларусаў. Праўда, паводле дадзеных падляшскіх мытнікаў, іх значна менш: каля 200 тыс. замежнікаў агулам прыязджае ў Польшчу праз беларускую мяжу і падобная лічба тым жа шляхам Польшчу пакідае.

Пераманіць пасажыраў з Вільні?

Жалек ставіў у прыклад віленскі аэрапорт, які прыцягвае мноства беларусаў. Беласток мог бы пераманіць частку з іх – многім было б бліжэй, а цэны агулам у Польшчы ніжэйшыя за літоўскія. Жалек паабяцаў, калі стане прэзідэнтам, знайсці дапамогу ў Варшаве, каб прафінансаваць будаўніцтва аэрапорта ў Падляшшы.

Занадта дорага

Ад будаўніцтва рэгіянальнага аэрапорта ў Беластоку некалькі гадоў таму адмовілася самакіраванне Падляшскага ваяводства, у якім два апошнія тэрміны кіруе кааліцыя Грамадзянскай платформы і PSL (сялянскай партыі). Было вырашана, што будаўніцтва выйдзе занадта дарагім (паводле папярэдніх ацэнак – каля 320 млн злотых або 74 млн еўра), дорага абыйдзецца і яго ўтрыманне.

У студзені 2017 грамадскі камітэт дамогся правядзення лакальнага рэферэндума наконт будаўніцтва аэрапорта. 96% удзельнікаў падтрымала ідэю будаўніцтва, але агулам галасаваць прыйшло менш за 30% выбарцаў, таму фармальна рэферэндум не мае ніякай сілы.


Пакуль што ў Беластоку будуюць толькі узлётна-пасадачную паласу для малых самалётаў, даўжынёй 1350 метраў, разлічаную на самалёты да 50 пасажыраў. Падобная неўзабаве з’явіцца ў Сувалках. Гэтая інвестыцыя значна таннейшая за паўнавартасны аэрапорт.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: