Міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus запрашае жыхароў Гродна на прагляд лепшай дакументалістыкі, а таксама на дыскусіі і сустрэчы з цікавымі гасцямі. На 4 дні, ад 28 лістапада да 1 снежня, ў нас ёсць годны план: будзем глядзець адборныя кінастужкі рэжысёраў з усяго свету і абмяркоўваць праблемы з экспертамі. Таксама нас чакае сустрэча з беларускім рэжысёрам-дакументалістам Андрэем Куцілам.
Кранальныя, натхняльныя, правакацыйныя і захапляльныя — усе фільмы пакідаюць моцныя эмоцыі і прапануюць няпростыя развагі пра тое, што чалавек робіць з чалавекам.
Праз рэальныя чалавечыя гісторыі, адкрытыя факты, шчырасць, мы падымаем тэму свабоды і яе межаў, правоў і чалавечай годнасці. У нас няма кепскіх і добрых персанажаў, правільных адказаў і абавязковага хэпі энду. Мы шукаем межы сваёй (не) свабоды і гатовыя сказаць «What the f !!!» усяму, што яе абмяжоўвае!
Разам з рэжысёрамі-дакументалістамі усяго свету прапануем адарвацца ад серыяльнай жуйкі і паспрачацца аб свабодзе, задумацца пра тое, што і чаму нас абурае.
Сустракайце фільмы, сюжэт якіх па напале і неверагоднасці нашмат пераўзыходзіць баевікі і трылеры. Бо гаворка пра рэальных людзей і падзеі!
Праграма фестывалю
(Месца: Цэнтр гарадскога жыцця Гродна, вул. Кірава, 3)
28 ЛІСТАПАДА, чацвер
Пачатак: 18:30
Фільм «Сустрэча выпускнікоў» (Швецыя) рэж. Ганна Одэлл
Госця: мінскі псіхолаг Наталля Масюкевіч.
Першым фільмам нашага кінамарафона стане праца скандальнай шведскай актрысы і рэжысёра Ганны Одэл «Сустрэча выпускнікоў».
«Сустрэча выпускнікоў» — выбітная праца аб праблеме булінга ў школьным асяроддзі. Пасля таго, як аднакласнікі Ганны не запрасілі яе на вечар сустрэчы выпускнікоў, мастачка зняла фільм пра тое, наколькі эксцэнтрычнай гэтая сустрэча магла б стаць, калі б Одэл ўсё ж яе наведала і зрабіла б усё, чаго яе аднакласнікі імкнуліся пазбегнуць. Другая, дакументальная частка фільма ставіць пытанні пра чалавечую гатоўнасць глядзець у вочы праўдзе, памяці аб зробленым у далёкім мінулым гвалце і этыцы самастойнага псіхалагічнага росту — выхаду са стану ахвяры.
Пасля прагляду фільма разам з мінскім псіхолагам Наталляй Масюкевіч абмяркуем праблему булінга.
29 ЛІСТАПАДА, пятніца
Пачатак: 18:30
Фільм «Працэс. Расійская Федэрацыя супраць Алега Сянцова»
(Польшча, Чэхія), рэж. Аскольд Куро
Госці:
Андрэй Казакевіч. Палітолаг, доктар палітычных навук (PhD in Political Science), дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» (Мінск, Беларусь).
Уладзімір Мацкевіч. Філосаф і метадолаг, кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта.
У гэты дзень паглядзім дакументальны фільм, які стаў падтрымкай украінскага кінарэжысёра з боку міжнароднай супольнасці яго калег па цэху. Стужка распавядае пра абставіны справы Алега Сянцова, які быў затрыманы ў 2014 годзе расійскімі спецслужбамі ў Крыме і незаконна прысуджаны да 20 гадоў зняволення ў Расіі.
Пасля прагляду фільма прапануем гарадзенцам паразмаўляць пра адносіны Беларусі і Расіі, пагрозах — рэальных і надуманых — адносна «паглыбленай інтэграцыі» нашых краін з двума прафесійнымі экспертамі: палітолагам Андрэем Казакевічам і мэтадолягам Уладзімірам Мацкевічам.
30 ЛІСТАПАДА, субота
Пачатак: 17:00
Фільм «Стрыптыз і вайна» (Беларусь), рэж. Андрэй Куціла
Госць: аўтар фільма, рэжысёр-дакументаліст Андрэй Куціла.
У ваенным гарадку пад Мінскам жывуць дзед і ўнук. Падпалкоўнік авіяцыі ў адстаўцы, дзед узнагароджаны медалямі, жыве актыўна, удзельнічае ў грамадскім жыцці. Свята верыць у ідэалы савецкага мінулага, сумленна распавядае пра гэта моладзі. Унук пакінуў прафесію інжынера. Офісная праца не прыносіла яму ні зарплаты, ні задавальнення. Сёння ён спрабуе рэалізаваць мару — стварыць тэатр эратычнага танца. Дзядуля не гатовы мірыцца з памкненнямі ўнука і ўсяляк спрабуе вярнуць яго да стабільнага і паўсядзённага жыцця. Канфлікт пакаленняў становіцца роздумам пра супярэчнасці постсавецкай прасторы.
Пасля прагляду фільма запрашаем на сустрэчу з аўтарам стужкі Андрэем Куцілам.
1 СНЕЖНЯ, нядзеля
Пачатак: 17:00
«Атам» (Вялікабрытанія), рэж. Марк Казінс
Эксперыментальны дакументальны фільм пра ядзерную бомбу ў Хірасіме і яе спадчыне.
Кароткаметражны фільм «Атамныя салдаты» (Нідэрланды), рэж. Морган Кніб
Праз паўстагоддзя салдаты-атамшчыкі, якіх прымушалі маўчаць, дзеляцца сваімі шакавальнымі сведчаннямі. У фільме Моргана Кнібэ апошнія жывыя сведкі амерыканскіх ядзерных выпрабаванняў 1950-х гадоў апісваюць вопыт, які назаўжды змяніў іх жыццё.
Пасля прагляду фільмаў плануецца абмеркаванне і дыскусія.
БОНУС
«Не сыходзь, Малдова» (Беларусь), pеж. Аліна Коўшык, Ужуле-Фонс Сандра
Пачатак: 19:00
Малдова — краіна маштабнай працоўнай міграцыі. Працоўныя мігранты пераводзяць у краіну каля 1 млрд. даляраў ЗША ў год. Адзін мільён малдаван, гэта значыць траціна ўсяго насельніцтва Малдовы, пакінуць краіну да 2050 года. Дакументальны фільм паказвае настроі ў грамадстве падчас парламенцкіх выбараў у Малдове, што прайшлі ў лютым 2019 г.
Гісторыя пяці жанчын дае надзею на перамены знізу ў краіне, палова насельніцтва якой вымушана да эканамічнай эміграцыі. У выніку палітычнага крызісу адна з гераінь фільма, лідэрка кааліцыі «Acum» Майя Санд, цяпер займае пасаду прэм’ер-міністра Малдовы.
Пасля прагляду абмеркаваць фільм можна будзе з адной з яго стваральніц, са-рэжысёркай Алінай Коўшык.