У вытворчым цэху ваўкавыскай папраўчай калоніі адбыўся пажар. Як паведамілі ў МНС, выратаваны тры чалавекі.
Сёння, 11 лістапада, а 9:09 выратавальнікі атрымалі паведамленне пра задымленне на тэрыторыі папраўчай калоніі па вул.Ракасоўскага ў Ваўкавыску. Да прыбыцця работнікаў МНС з небяспечнай зоны былі выратаваны двое мужчын. Першы атрымаў апёкі твару і рук, другі - атручэнне прадуктамі гарэння. Выратавальнікі знайшлі на падлозе пад сталом трэцюю ахвяру, мужчыну, і вынеслі на паветра.
Выратаваныя — людзі, якія адбываюць пакаранне ў ВК. Іх даставілі ў раённую бальніцу.
Агнём пашкоджаны драўляныя каркасы для мяккіх крэслаў, закураны сцены і столь у цэху. Ратавальнікі не дапусцілі выхаду полымя на дах, суседнія будынкі таксама былі абаронены і не пашкоджаны.
Прычына пажару высвятляецца, меркаваная версія — неасцярожнае абыходжанне з агнём.