Пра затрыманне Юрыя Меляшкевіча, намесніка старшыні партыі «Беларускі народны фронт» паведаміў у сваім Facebook Вадзім Саранчукоў.

«Спачатку спыніла ДАІ, знайшлі налепку — даставілі ў РАУС. Узялі тэлефон і ноўт на вывучэнне», — расказаў Вадзім Саранчукоў Hrodna.life. Ён таксама з’яўляецца намеснікам старшыні партыі БНФ.

Вечарам Юрыя адпусцілі, але ў 20:00 «забралі» паўторна. Патлумачыўшы прычыну, што -«Цяпер з вамі хоча пагаварыць угалоўны вышук». Супрацоўнікі МУС правялі паўторны агляд аўтамабіля.

Зараз Юрый Меляшкевіч знаходзіцца на волі. У дачыненні да яго праводзяць праверку. «Сітуацыя выглядае абсурднай, але нічога не паробіш. Спадзяюся на лепшае…», — напісаў Юрый у сваім Facebook.

Юры Меляшкевіч таксама — актывіст руху «За Свабоду», які цяпер знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, і намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Удзельнічаў у арганізацыі летніка па аднаўленні старых могілак у вёсцы Ізабелін, ладзіў летнік па прыборцы руінаў пахавання Бохвіцаў у маёнтку ў Падароску.

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў зараз затрыманы ў межах крымінальнай справы. Ён — адзін з абвінавачаных у справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Вядома, што праз праблемы са здароўем яго перавялі ў турэмны шпіталь.