8 лістапада ў Цэнтры гарадскога жыцця назвалі найлепшага краязнаўцу Гродна 2019 года. Узнагароду імя Юзафа Ядкоўскага атрымаў гісторык Мечыслаў Супрон.

Сёлета гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы вызначылі трох кандыдатаў на Прэмію Ядкоўскага. Гэта былі бібліёграфка Любоў Турмасава, гісторык Мечыслаў Супрон і журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч. Болшасць галасоў рада прэміі аддала за гісторыка Мечыслава Супрона.

Мечыслаў Супрон апошнія гады актыўна змагаецца за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Гродна. На аснове здабытых ім матэрыялаў ён распрацаваў праект забудовы часткі вуліцы Замкавай з Домам Рыбака, пераканаў забудоўшчыкаў у неабходнасці маштабных раскопак у гэтым месцы і адбудове раёна максімальна блізка да гістарычнага выгляду.

Мечыслаў Супрон некалькі разоў звяртаўся ў паркуратуру па іншых пытаннях, дамогся раскопак на вуліцы Вялікая Траецкая за сінагогай. Разам з даследчыкам Шчукіным ён зрабіў шэраг навуковых 3D-рэканструкцый страчаных і захаваных гродзенскіх будынкаў. Таксама Мечыслаў Супрон змагаецца за аўтэнтычнасць рэканструкцыі Старога замка ў Гродне, якая ўжо падыходзіць да другой чаргі.

— Я задаволены, што атрымаў гэтую ўзнагароду. У некаторым сэнсе для мяне яна нечаканая. Неяк апошнім часам слаба сачу за падзеямі ў культурнай сферы горада, бо маю шмат іншай працы. Таму быў уражаны, што мяне абралі. А так я думаў, што прэмію атрымае Руслан Кулевіч, які цягам апошняга года назбіраў шмат гісторый пра Гродна. Але калі самыя аўтарытэтныя людзі так вырашылі, значыць заслужаная перамога. Мне здаецца, яна за папулярызацыю гісторыка-архітэктурнай спадчыны і абарону старых будынкаў у Гродне, — распавёў Мечыслаў Супрон.

За захаванне спадчыны Гродна: Мечыслаў Супрон атрымаў прэмію Ядкоўскага - 2019
Даведка

Прэмія імя Юзафа Ядкоўскага заснаваная ў 2012 годзе гродзенскімі гісторыкамі. Штогод яе ўручаюць тым, хто зрабіў значны ўнёсак у вывучэнне або папулярызацыю гісторыі Гродна, а таксама паспрыяў захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай самабытнасьці Гродна і рэгіёна. У розны час прэмію атрымлівалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы: Андрэй Вашкевіч, Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Фёдар Ігнатовіч, Таццяна Еўдакімава, Наталля Канюк, Ігар Лапеха.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life