У Гродзенскім дзіцячым хоспісе стварылі праграму па працаўладкаванні і самазанятасці людзей з рознай формай інваліднасці. Месяц таму запусцілі пошук жадаючых, а 30 кастрычніка прайшоў арганізацыйны сход. Туды таксама запрасілі навучальныя ўстановы, якія займаюцца прафесійнай падрыхтоўкай людзей з інваліднасцю.
— Гэта сапраўды з’яўляецца праблемай — праца і самазанятасць людзей з інваліднасцю. Але ўжо ёсць вялікія зрухі ў краіне, — кажа Вольга Вялічка, дырэктарка хоспіса. — У 2015 годзе была прынята Канвенцыя ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Неўзабаве яна была ратыфікавана. Гэта дазволіла нашай краіне мяняць заканадаўства, каб людзі з рознай формай інваліднасці паўнавартасна ўключаліся ў грамадскае жыццё. І каб бар’ераў, якія сёння ёсць, станавілася менш.
Вольга кажа, што мясцовыя ўлады зрабілі шмат і Гродзенская вобласць выглядае нядрэнна па гэтых паказчыках. Свой уклад хоспіс вырашыў зрабіць праз стварэнне «Сацыяльнай майстэрні», рэалізаваўшы праект «Узмацненне інтэграцыі людзей з інваліднасцю ў працоўную дзейнасць». Праект падтрымалі ў пасольстве ЗША.
— Мне здаецца, гэта вельмі актуальная тэма. Менавіта таму праект і выбралі. У нас ужо ёсць папярэдні паспяховы вопыт работы па працаўладкаванні людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стварэнні новых працоўных месцаў і развіцці сацыяльных прадпрыемстваў. Спадзяемся, з вашай дапамогай гэты праект таксама дасягне сваіх вынікаў, — кажа Аляксей Мельнікаў, які працуе ў аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША, дзе займаюцца праграмай малых грантаў і дзе падтрымалі праект.
Аб праекце распавяла псіхолаг хоспіса Марыя Бразінскага. У рамках праекта плануюць павысіць матывацыю ў людзей з інваліднасцю, развіць іх камунікатыўныя навыкі, навучыць даследаванню рынку і працоўнай падрыхтоўцы. Таксама раскажуць пра заканадаўства ў гэтай сферы і рэгуляванне рынку, працу ў інтэрнэце і сацсетках. У межах праекта вывучаць перашкоды ў інтэграцыі людзей з інваліднасцю.
Вучыць дызайну, прыкладному мастацтву і дэкарыраванню будзе дызайнер Святлана Пінчук. Яна паказала прыклады работ. Напрыклад, гадзіннік хоспіса — ён быў зробленыя з фанеры, пафарбаваны марылкай і распісаны акрылавай фарбай. Па фінансавых выдатках вельмі бюджэтна. Або абажуры — яны зроблены з металічнага каркаса і тканіны.
У сацыяльнай майстэрні будуць тэарэтычныя і практычныя заняткі. На практычных Святлана навучаць працаваць з інструментам і матэрыялам. Працаваць будуць з дрэвам, шклом, бетонам, гіпсам, металам. З аздобных матэрыялаў будуць выкарыстоўваць алей, лакафарбу, фарбу. Пры пажаданнях групы спіс можа пашырыцца. На тэарэтычных запрошаныя спецыялісты раскажуць пра маркетынг і прасоўванне сваёй прадукцыі.
Праект пачынаецца ў лістападзе, скончыцца — у ліпені. Заняткі будуць праходзіць у хоспісе — тут створана безбар’ернае асяроддзе. Збірацца будуць па аўторках, чацвяргах і пятніцах з 13.00 да 17.00. У перапынках можна будзе пагутарыць нефармальна і знайсці новых сяброў.
Арганізатары пакуль вырашаюць, як будуць рэалізоўваць прадукцыю. Напрыклад, ёсць ідэя правесці кірмашы. Частка грошай пойдзе на дзіцячы хоспіс. А частка — на прыемны бонус. У канцы навучання ўдзельнікаў будзе чакаць паездка на мора. Або іншы бонус, які абярэ група.
Цяпер праект на стадыі анкетавання. Плануюць набраць 15 чалавек.
Лілія Санюкевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама, кажа, што яны працуюць у рамках закона «Аб занятасці насельніцтва» і дзяржаўнай праграмы «Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва».
Чалавеку з інваліднасцю дапамагаюць знайсці працу з улікам рэкамендацый індывідуальнай рэабілітацыі. Калі ў яго ёсць прафесія, па якой ён не можа ўладкавацца з-за захворвання, альбо чалавек не мае прафесійнай адукацыі, яму прапануюць прайсці прафесійнае навучанне па кірунку ад службы занятасці. Навучанне праводзяць па найбольш запатрабаваных прафесіях: будаўнічы профіль, швачка, прадавец. На базе сярэдне-спецыяльнай альбо вышэйшай адукацыі можна стаць кладаўшчыком або спецыялістам па закупках.
Лінія Санюкевіч кажа, што ў сярэднім у год звяртаецца каля 250−300 чалавек з інваліднасцю. З іх 76% - гэта людзі з інваліднасцю трэцяй групы, у якіх менш абмежаванняў у працаўладкаванні. З першай групай інваліднасці звярнуўся адзін чалавек, з другой — да дзесяці.
Галіна Алісава — дырэктарка прадпрыемства «Штучкі ў вашы ручкі». Тут вырабляюць дэкаратыўныя падушкі-антыстрэс. Яны карыстаюцца попытам у моладзі і дзяцей, але і старэйшым падабаюцца. Асабліва добра іх купляюць у перыяд святаў.
У штаце 12 чалавек, з іх 60% - людзі з інваліднасцю. Гэта людзі розных спецыяльнасцяў - швачка, прыбіральшчыца, аператар лічбавага друку. Калясачнікаў сярод іх няма, так што памяшканне не трэба было дадаткова абсталёўваць.
Першапачаткова Галіна не планавала браць на працу людзей з інваліднасцю. Але ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне прапанавалі іх узяць. Некаторыя працуюць па праграме адаптацыі да працоўнай дзейнасці. Некаторыя засталіся пасля яе працаваць далей. А прадпрыемства за гэта атрымлівае розныя бонусы.
Па-першае, ёсць браніраванне працоўнага месца для чалавека з інваліднасцю. Гэта значыць, што на заканадаўчым узроўні ёсць прадпрыемства, якому ўстаноўлена заданне па прыёме на працу інваліда. Калі ў яго з’яўляецца вакансія, а ў цэнтры занятасці ёсць чалавек з інваліднасцю з адпаведнай прафесіяй, яго накіроўваюць, а прадпрыемства не можа яму адмовіць.
Па-другое, ёсць адмысловыя праграмы, якія накіраваны на стымуляванне наймальніка да прыёму на працу людзей з інваліднасцю. Напрыклад, працаўладкаванне ў рамках адаптацыі да працоўнай дзейнасці. Заключаецца дагавор паміж наймальнікам і службай занятасці. Чалавек з інваліднасцю да 12 месяцаў працуе на прадпрыемстве і прадпрыемству на працягу гэтага часу кампенсуюць затраты на аплату працы гэтага работніка.
Таксама служба занятасці можа кампенсаваць і фінансаваць затраты па стварэнні рабочых месцаў і іх захаванні за людзьмі з інваліднасцю. Прадпрыемства закупляе спецыяльнае абсталяванне і стварае працоўныя месцы. Работнікаў прымаюць па накіраванні. Такое працоўнае месца захоўваецца за чалавекам з інваліднасцю тры гады. У мінулым годзе так падтрымалі арганізацыі і стварылі 28 рабочых месцаў. Кампенсацыя склала больш за 700 000 рублёў.
Таксама ў гарвыканкаме абяцаюць падтрымаць прадпрымальніцкія ініцыятывы людзей з інваліднасцю. Ім акажуць бязвыплатную фінансавую падтрымку ў памеры 2 500 рублёў. Больш падрабязна пра гэта можна даведацца на афіцыйных мерапрыемствах,
пра якія будзе інфармацыя на сайце гарвыканкама.
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…