Падчас пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Міншчыны, якая праходзіла 24 кастрычніка ў Чырвоным касцёле, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч казаў пра магчымасць спецыяльнага душпастырства гомасэксуалаў у Касцёле на Беларусі, піша catholic.by.
Як зазначыў Кандрусевіч, падобныя ініцыятывы ўжо даўно існуюць у свеце. Спецыяльнае душпастырства для гомасэксуалаў, якое праводзіцца ў многіх касцёльных супольнасцях за мяжой, мае на мэце не стварыць нешта накшталт «рэзервацыі», а наадварот, выйсці насустрач людзям.
Гэтая ініцыятыва ніякім чынам не супярэчыць таму, што Касцёл на Беларусі паслядоўна выступае ў абарону інстытуту сям'і і актыўна падтрымлівае скіраваныя на гэта грамадскія ініцыятывы, зазначае catholic.by.
«Гаворачы на поўны голас пра недапушчальнасць распаўсюджвання гендарнай ідэалогіі і асабліва ЛГБТ-прапаганды сярод падрастаючага пакалення, Касцёл пры гэтым ніякім чынам не спрабуе шальмаваць, стыгматызаваць ці адштурхнуць ад Хрыста і Яго любові ніводнага чалавека», — цытуе мітрапаліта сайт.
Гомасэксуальнасць параўналі з алкагалізмам?
Як зазначыў на сустрэчы старшыня Экспертнай рады па пытаннях жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, называючы па імені грэх і асуджаючы яго, Касцёл не асуджае людзей, каб не згубіць самога чалавека. Нават лексіка Касцёла ў гэтай сферы перадусім падкрэслівае годнасць чалавечай асобы.
Святар нагадаў, што ў нашай краіне ўжо даўно паспяхова дзейнічае душпастырства людзей з залежнасцямі. Групы самадапамогі накшталт Ананімных алкаголікаў дзейнічаюць пры многіх каталіцкіх парафіях, дапамагаючы сотням людзей. Падобным чынам можа дзейнічаць таксама душпастырства дляя гомасэксуалаў, якія жадаюць жыць у згодзе з Божым законам і са сваім сумленнем.
Калі ініцыятыва спецыяльнага душпастырства гомасэксуалаў патрабуе грунтоўнай распрацоўкі і падрыхтоўкі, ужо сёння каталіцкія святары гатовыя прыняць кожную такую асобу і даць неабходныя духоўныя рэкамендацыі.