18 кастрычніка памерла Вольга Сабалеўская, кандыдат культуралогіі, дацэнт Беларускага інстытута правазнаўства, былы дацэнт кафедры культуралогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Некалькі гадоў таму яе выціснулі з універсітэта па палітычных матывах, піша n*.by.
45-гадовая Вольга Сабалеўская была аўтаркай дзвюх манаграфій і больш за 80 артыкулаў па гісторыі яўрэяў мяжы аселасці Расійскай імперыі, навуковай кіраўніцай шматлікіх аспірантаў. У 2015 годзе яе выціснулі з універсітэта, калі адбыўся палітычна матываваны пагром Гродзенскай гістарычнай школы.
Прычынай смерці стала анкалогія.
«Яна была бліскучы чалавек. І вельмі чалавечны чалавек», — сказаў «Нашай Н**е» яе аднакурснік, гісторык Андрэй Чарнякевіч.
«Таленавітая, інтэлігентная і вельмі працавітая», — дадае доктарка гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава, у якой Сабалеўская пісала свой універсітэцкі дыплом.
Пахаванне мае адбыцца ў панядзелак, 21 кастрычніка.