«Вандроўная кнігарня» ад выдавецтва «Логвінаў» завітала ў дворык на Кірава, 3 ў суботу 19 кастрычніка.

«Сустракаючыся з людзьмі з розных гарадоў Беларусі, мы зразумелі, што магчымасць бачыцца з літаратарамі, абмяркоўваць і купляць сучасныя кнігі ёсць толькі ў некаторых гарадах. Таму мы вырашылі змяніць гэтую сітуацыю такім чынам», — кажа арганізатарка падзеі Аляксандра Логвінава.

Наведвальнікі маглі азнаёміцца і набыць новыя кнігі ад беларускіх выдавецтваў. Таксама падчас сустрэчы прайшоў майстар-клас ад Марыі Пушкінай па асаблівасцях мастацкага перакладу на прыкладзе мінскай трылогіі Сяргея Пясецкага. Госці маглі таксама паразмаўляць з філосафам Ігарам Бабковым, лаўрэатам прэміі Гедройца.

вандроўная кнігарня Логвінаў

Скончылася імпрэза размовай з Аляксандрай Логвінавай, Паўлам Касцюкевічам, Марыяй Пушкінай і Ігарам Бабковым.

Гродна стаў другім горадам у спісе «Вандроўнай кнігарні», першым месцам былі Гальшаны, а далей кнігарня збіраецца завітаць у Маладзечна.

«Гародня была для нас абавязковай праграмай, бо гэта першы буйны горад і ад пачатку гэта быў пераможны варыянт. Мы адразу ведалі, што тут у нас будзе поспех і нас тут будуць чакаць», — сказаў пісьменнік Павал Касцюкевіч.

Арганізатарамі з гродзенскага боку выступілі Цэнтр гарадскога жыцця і этнакрама «Цудоўня».

вандроўная кнігарня Логвінаў