Пад Гродна ў выхадныя шукалі пенсіянерку, якая заблукала. Жанчына ўсю ноч праседзела на паляўнічай вышцы, а потым сустрэла ваўка, піша rgazeta.by.

У мінулую суботу ў 23.20 у службу «101» паступіла паведамленне аб 70-гадовай гродзенцы, якая прапала ў лесе каля Азёраў. Пенсіянерка прыехала на лецішча і вырашыла пайсці ў грыбы, але забылася ўзяць з сабой тэлефон, паведаміла інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага РАНС Маргарыта Дакучаева. Познім вечарам сын забіў трывогу, што маці не выходзіць на сувязь. Ратавальнікі і праваахоўнікі прыступілі да пошукавых работ. Жанчыну шукалі ўсю ноч. Раніцай у нядзелю да пошукаў быў прыцягнуты асабісты склад РАУС, кінолаг з сабакам.

У гэтым лесе жанчына і раней збірала грыбы, мясцовасць ёй знаёмая. Але ў гэты раз яна не зарыентавалася і заблудзілася. Паколькі тэлефона з сабой не было, падаць сігнал не змагла. А самастойна выбрацца з лесу не атрымлівалася. У нейкі момант на шляху апынулася паляўнічая вышка. На вуліцы да таго часу ўжо сцямнела. Пенсіянерка вырашыла залезці на вышку і там пераначаваць.

Раніцай з вышыні запрыкмеціўшы сцежку, вырашыла рухацца па ёй. Тая прывяла да доміка паляўнічага, але ў ім нікога не аказалася. Дачніца адправілася далей, павярнулася — і прыйшла ў жах: недалёка стаяў воўк і глядзеў на яе. Жанчына схапіла палку і закрычала. Балазе звер уцёк. Пенсіянерка ішла па наезджанай дарозе. У выніку выйшла да хутара, але і там людзей не было. Рушыла далей. На шчасце, па шляху, а было гэта каля 10-й раніцы, сустрэла грыбнікоў, яны далі тэлефон, каб звязацца з роднымі, і дапамаглі выбрацца з лесу.