Аўгустоўскі канал хочуць уключыць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як прыродна-культурны комплекс. Аб гэтым сёння па выніках рабочай сустрэчы з польскім бокам паведаміў БЕЛТА намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.
У час сустрэчы ў Гродне бакі абмеркавалі нюансы правядзення міжнароднай канферэнцыі на гэтую тэму 5−6 лістапада. Пройдзе яна на базе двух гарадоў - Гродна і Аўгустова. «Канферэнцыя стане яшчэ адным крокам па ўключэнні Аўгустоўскага канала і прылеглых тэрыторый як адзінага прыродна-культурнага комплексу ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта карпатлівая праца, заяўка павінна быць прапрацавана старанна, памылак быць не павінна», — адзначыў Віктар Лісковіч. Ён падкрэсліў, што аб’ект плануецца прасоўваць як адзіны беларуска-польскі брэнд.
«Ёсць шмат каналаў, унесеных у гэты спіс з пункту гледжання цікавых тэхнічных рашэнняў. Але Аўгустоўскі канал за сваю 180-гадовую гісторыю арганічна ўпісаўся ў прыроду, паўплываў на культуру рэгіёну. Гэта і зараз прыцягвае турыстаў», — распавёў бургамістр Аўгустова Міраслаў Карольчук. Ён адзначыў, што ўнясенне аб’екта ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА павысіць яго прывабнасць для турыстаў з усяго свету.
Адной з тэм сустрэчы, а таксама будучай канферэнцыі стане сумеснае выкарыстанне канала ў турыстычных мэтах і развіццё адпаведнай інфраструктуры. Сярод праектаў, якія абмяркоўваюцца, напрыклад, стварэнне музея канала на вадзе, распрацоўка агульных платформаў і мабільных дадаткаў, якія дапамагалі б турысту атрымаць усю неабходную інфармацыю аб магчымасцях падарожжаў па беларускай і польскай часткі канала, а таксама наваколлі.
«З нашага боку гэта работа вядзецца актыўна. У прыватнасці, працуе партал для бязвізавых турыстаў, створаны мабільныя дадаткі аб веламаршруце ў раёне канала, бліжэйшых славутасцях і цікавых месцах. Рэалізуецца аналагічны праект і па асноўных трасах рэгіёну», — адзначыў Віктар Лісковіч.
Ён падкрэсліў, што рэгіён карыстаецца папулярнасцю ў замежнікаў. У прыватнасці, у Гродне ў бліжэйшыя дні сустрэнуць 100-тысячнага бязвізавага турыста з пачатку года. Пакуль госць такой катэгорыі можа наведваць толькі абласны цэнтр і Гродзенскі раён, аднак з 10 лістапада бязвізавая зона будзе пашырана на ўсю тэрыторыю вобласці.