Квоты на працаўладкаванне людзей з інваліднасцю ў Беларусі плануюць увесці ў 2023 годзе. Гэта прадугледжана законам «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», які дэпутаты Палаты прадстаўнікоў рыхтуюць да першага чытання, паведаміў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Алег Леўшуноў.

Паводле законапраекта парадак устанаўлення наймальнікам квоты для прыёму на працу інвалідаў і яе выканання будзе вызначацца не ўрадам, а прэзідэнцкім указам, піша belta.by.

«У сувязі з гэтым прапануецца тэрмін ўступлення гэтай нормы ў сілу з 1 студзеня 2023 года, што адпавядае тэрміну, пазначанаму Нацыянальным планам дзеянняў па рэалізацыі ў Беларусі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017−2025 гады», — сказаў Алег Леўшуноў.

Для людзей, якія праз інваліднасць маюць цяжкасці ў пошуку працы, у арганізацыях будзе вызначацца мінімальная колькасць працоўных месцаў - у працэнтах да сярэдняспіскавай колькасці працаўнікоў. Квоты будуць вызначаць для сярэдніх і буйных прадпрыемстваў, дзе працуе ад 100 чалавек.

У выпадку, калі працадаўца не выбірае квоту, але адмаўляе асобе з інваліднасцю ў прыёме на працу, яго могуць прыцягнуць да адказнасці.