15 лютага супрацоўніка «Гроднажылбуд» Антона Сафонава звольнілі пасля працяглых бальнічных: яго кіраўніцтва вырашыла, што ён прагульваў. У тыя дні ён як раз рыхтаваўся аспрэчваць папярэднія вымовы ў судзе.

Гісторыю Антона Hrodna.life распавядаў у канцы 2020 года. 34-гадовы сталяр-станочнік чацвёртага разраду прапрацаваў на прадпрыемстве «Гроднажылбуд» амаль 17 гадоў. 15 верасня 2020 года гродзенца звольнілі пасля дзвюх вымоў, звязанымі з страйкам на прадпрыемстве. 24 верасня меру спагнання змянілі на пазбаўленне прэміі на год і прапанавалі вярнуцца на працу. Антон хацеў адмяніць вымовы цалкам і звярнуўся ў суд Кастрычніцкага раёна, які 6 лістапада вырашыў: аднаўляць работніка не трэба, вымовы прадпрыемства былі законнымі. Тады Антон прыняў рашэнне вярнуцца на працу, як яму і прапаноўвалі 24 верасня.

У жніўні 2020 года «Гроднажылбуд» стаў адным з цэнтраў пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта і гвалту сілавікоў на вуліцах Гродна: рабочыя сустрэліся з кіраўніцтвам горада, пракурорам, але да згоды з уладамі так і не прыйшлі. Пасля гэтага тых, хто актыўна выказваўся, на прадпрыемстве паступова альбо звольнілі, альбо стварылі такія ўмовы, што дзясяткі рабочых сышлі самі.

7 лістапада Антон выйшаў на працу, а з 11 чысла сышоў на бальнічны ліст: сарваў спіну на працы, прыйшлося апераваць міжпазваночную грыжу. Пасля бальнічнага Антон выйшаў на працу 6 студзеня і прапрацаваў да 29 студзеня. Пазней ён зноў пайшоў на бальнічны на тыдзень, а потым адразу — на бальнічны па доглядзе дзіцяці.

На працу Антон выйшаў 15 лютага. У той жа дзень начальства паказала яму загад аб яго звальненні па арт.47 Працоўнага кодэкса — дадатковыя падставы спынення працоўнага дагавора з некаторымі катэгорыямі работнікаў пры пэўных умовах. Прычына — адсутнасць на працоўным месцы 25, 26 і 28 верасня 2020 года. Хоць у лістападзе ён пісаў тлумачальную, што рыхтаваўся да суду з 25 верасня да 6 лістапада.

Працу знайсці будзе складана

Антон пасля аперацыі на міжпазваночную грыжу аднаўляецца і двойчы на тыдзень ходзіць на рэабілітацыю ў фітнес-цэнтр «Korra» (студыя, у якой ёсць асобны кірунак — лячэбная фізкультура, накіраваная на паляпшэнне каардынацыі, паставы, стану цягліц, суставаў). Раз у тыдзень ходзіць у звычайны спартзал, каб умацаваць мышцы спіны.

Пасля такой аперацыі складана знайсці новую працу. «Не тое што па спецыяльнасці, а ў прынцыпе працу будзе знайсці досыць складана. Мне нагружаць спіну нельга, трэба старацца падымаць цяжар як мага менш. Мне і сядзець доўга нельга — сядзячая праца таксама не моцна пасуе. Яшчэ паўгода мне пажадана больш стаяць або ляжаць. Сапраўды, з гэтым праблемы будуць. Але будзем выходзіць з гэтай сітуацыі».

«Настрой баявы»

Антон быў маральна гатовы да звальнення. «Настрой баявы. Я ні кропелькі не засмучаны з-за таго, што мне даслалі новы загад. Я вельмі доўга смяяўся пры сваіх кіраўніках і пытаўся, чаму ж яны так доўга яны чакалі. Яны далі мне прапрацаваць яшчэ цэлы месяц», — распавёў ён Hrodna.life.

Загад Сафонаву на рукі яшчэ не далі. Антон з адвакатам запыталі дакументы і рыхтуюцца да новых судовых разглядаў.

 — Яшчэ пазмагаемся за справядлівасць, за праўду, і за тое, каб людзей, якія сапраўды працуюць і хочуць працаваць, да якіх не было за 16 гадоў ніводнай прэтэнзіі на працы, не звальнялі і паважалі, — сказаў гродзенец Hrodna.life.

Сябру Антона, яшчэ аднаму супрацоўніку «Гроднажылбуд» у падобнай сітуацыі, адмовілі ў іску аб аднаўленні на працу.

Звязацца з адміністрацыяй «Гроднажылбуд» Hrodna.life не ўдалося. Раней там казалі, што завадатараў страйку «заела сумленне», таму яны звольніліся самі, ніякага ціску на іх і масавых звальненняў пасля жнівеньскіх падзей на прадпрыемстве не было.

Сотрудника «Гродножилстрой» уволили во время протестов. Он попытался восстановиться на работе через суд