Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу імя святога Губерта стала цесна ў старым будынку на Гагарына. Яны знайшлі для сябе ідэальны будынак і звярнуліся да ўладаў з просьбай перадаць яго. Што ўлады адкажуць, пакуль невядома.
«Мы арандуем памяшканне і нам у ім стала вельмі цесна. Мы пашырылі паслугі для дзяцей і іх бацькоў, а гэта заўсёды патрабуе новых плошчаў. Сёння ў нашым хоспісе ёсць тры кабінеты і вялікі хол. Свой кабінет наша дырэктар аддала пад масажны кабінет. Цяпер мы усе дзелім сталы, камп’ютары, прынтар», — тлумачаць у хоспісе.
Новы будынак знайшоўся на вуліцы Сыракомлі. Гэта былы медыцынскі выцвярэзнік. У хоспісе кажуць, што будынак знаходзіцца ў ідэальным месцы: ёсць дзе паставіць альтанкі пад дрэвамі, унутры таксама ўсё арганізавана. Сам будынак таксама пасуе: маленькія кабінеты, асяроддзе няцяжка пераабсталяваць пад безбар’ернае, ёсць мансардны паверх для працы з бацькамі.
29 жніўня прадстаўнікі хоспіса былі ў гарвыканкаме на прыёме ў Мечыслава Гоя з просьбай перадаць будынак. Улады пакуль не адказалі.
«Кажуць, што мары трэба візуалізаваць. Гэта фота нашай мары!», — кажуць у хоспісе.