Драўляная статуя князя Вітаўта часова пераехала ў рамонтную майстэрню, але ўжо ў лістападзе яна вернецца — абноўленай і ўмацаванай, паведамляе grodnonews.by.

— Апошнім часам драўляная статуя моцна нахілілася. Каб ацаніць стан яе асновы, было прынята рашэнне аб дэмантажы. Трэба сказаць, што гэта прадыктаваная патрабаваннямі тэхнікі бяспекі мера. А каб развеяць усе сумневы, дадам, што рашэнне аб дэмантажы статуі прынялі толькі пасля яе абследавання членамі кампетэнтнай камісіі. У яе склад увайшлі дырэктар гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, вядомы гродзенскі разбяр па дрэве Мікалай Скляр і мастак-рэстаўратар музея гісторыі рэлігіі Уладзімір Кіслы, — распавёў намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскай гарадской ЖКГ Сяргей Сямашка.

Сёння драўляная статуя князя Вітаўта знаходзіцца ва УЖРЭП Ленінскага раёна. Статую прасушаць і дэталёва абследуюць. Як распавёў Сяргей Сямашка, ужо запрошаныя спецыялісты, якім трэба будзе вырашыць, як умацаваць моцна пашкоджаную часам аснову статуі. Акрамя таго, уся драўляная канструкцыя будзе апрацавана адмысловым растворам, які падоўжыць яе жыццё. Адразу пасля гэтага драўляны Вітаўт зойме сваё звыклае месца на перакрыжаванні.