Пракуроры выявілі хібы ў арганізацыі працы аздараўленчых лагераў і лагераў працы і адпачынку, піша БЕЛТА. На базе Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа з 29 ліпеня па 21 жніўня 2019 году дзейнічаў лагер працы і адпачынку. Дзеці працавалі ў сталовай, на зернескладзе, прылеглай тэрыторыі каледжа. Але грошай не атрымалі. І гэта не адзінае месца, дзе адбылася такая сітуацыя.

«Працоўныя або грамадзянска-прававыя дагаворы з імі не заключалі, у выніку ўзнагароджанне за працу яны не атрымалі. Фактычна на базе каледжа функцыянаваў не лагер працы і адпачынку, а аздараўленчы лагер без пэўнага напрамкі дзейнасці», — адзначылі ў службе інфармацыі пракуратуры вобласці. Аналагічныя парушэнні выяўлены і ў некаторых навучальных установах Смаргонскага раёна.

Звярнулі ўвагу пракуроры і на сітуацыю з траўмаваннем ў лагерах. Калі 2018 годзе ў аздараўленчы сезон па медыцынскую дапамогу звярнуліся 11 дзяцей, то ў гэтым годзе дапамога спатрэбілася ўжо 16 непаўналетнім.

«Паслабілі кантроль за баўленнем часу выхаванцаў у аздараўленчым лагеры „Бераставіцкі“. Пацвярджэннем таму служаць шматлікія факты траўмавання, якія прывялі ў тым ліку да шпіталізацыі дзяцей», — адзначылі ў службе інфармацыі пракуратуры. Аналагічныя факты зафіксаваныя ў аздараўленчых лагерах Мастоўскага, Карэліцкага, Слонімскага, Ашмянскага і Воранаўскага раёнаў.

Акрамя таго, летам выяўлены недахопы ў арганізацыі работы па абмежаванні доступу дзяцей на патэнцыйна небяспечныя аб’екты. У прыватнасці, у Гродне бесперашкодна можна было трапіць на напаўразбураныя аб’екты некалькіх былых ваенных частак.

Па выніках аналізу пракуратура ўнесла прадстаўленне ў Гродзенскі аблвыканкам. Асаблівая ўвага ў акце нагляду пракурорскія работнікі звярнулі на неабходнасць змены падыходаў да падбору i навучанню кадраў для выхаваўча-аздараўленчых устаноў.