Вольга Гаўрылік, кіраўнічка прадпрыемства «Мядовы шлях», адзіны ў Беларусі мядовы самелье. Удзельніца праекта PRO WOMEN: ламаючы стэрэатыпы. У праект увайшлі дзевяць фотагісторый і інтэрв'ю з сучаснымі гарадзенкамі. У кожнай удзельніцы — свой жыццёвы сцэнарый, кожная ідзе шляхам, што выбрала сама. Фотавыставу можна паглядзець ў Цэнтры гарадскога жыцця ад 19 верасня да 3 кастрычніка. Арганізавалі праект HrodnaMediaRoom, інтэрнэт-партал HrodnaLife, Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Мёд для мяне — рэч сакральная. Пасека была ў дзеда, а потым бацька трымаў некалькі вулляў. У сям'і ішло чырвонай ніткай, што гэта паважаная справа. Мяне гэта прыцягвала, нібы мёдам было намазана. Так што з цягам часу і сама задумалася пра мядовы бізнес.
Я маркетолаг. Прааналізавала рынак і зразумела — павінна атрымацца. Хаця, калі б ведала, як будзе цяжка, то можа і не наважылася б пачынаць. Зараз інвестую ў справу час і душу, і назад ужо не павярну.
Калі даведалася, што ёсць такая прафесія - мядовы самелье, адразу зразумела, што гэта — маё. Я ўсё ў жыцці каштую на смак. Для мяне цяжкая праца смакуе як бортніцкі мёд — гэта слодыч з горыччу дыму. Яго цяжка здабыць, і калі ясі, то нават задавальненне бывае складана адчуць ад стомы.
Раніца вольнага дня — гэта лугавы жоўценькі мёд. Лагодны і духмяны. Нешта новае і рызыкоўнае смакуе, як мёд з грэчкі - даўкі і яркі. Задавальненне і рэлакс мае прысмак майго любімага верасовага мёду.
Калі звычайных смакаў мне стала не хапаць, то пачала ствараць мёд з новымі смакамі - чаю, ягад, шакаладу і арэхаў. Я і ў жыцці не стаўлю сабе межаў, не баюся спрабаваць новае, не баюся падавацца смешнай.
Яшчэ я люблю танцы і вучуся сумяшчаць танец і працу ў пчолаў. У пчолак розныя ролі і розныя танцы. Мне падаецца, што я пчолка, якая паказвае іншым, дзе ёсць салодкі нектар. Кажу: «Ляці туды, дзе асалода».
Бывае, што пчолкі джаляць. Яны ведаюць, што калі не будзеш джаліць, то цябе згрызуць. І я таксама навучылася джаліць. Так ты паказваеш іншым свае межы і гатоўнасць іх бараніць. У мяне зараз таксама ёсць джала, і я магу за сябе пастаяць.