Вольга Вялічка, кіраўнічка дзіцячага хоспіса.Удзельніца праекта PRO WOMEN: ламаючы стэрэатыпы. У праект увайшлі дзевяць фотагісторый і інтэрв'ю з сучаснымі гарадзенкамі. У кожнай удзельніцы — свой жыццёвы сцэнарый, кожная ідзе шляхам, што выбрала сама. Фотавыставу можна паглядзець ў Цэнтры гарадскога жыцця ад 19 верасня да 3 кастрычніка. Арганізавалі праект HrodnaMediaRoom, інтэрнэт-партал HrodnaLife, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Я — гэта пра дзяцей. Калі не ў хоспісе з дзецьмі, то дома з дзецьмі. Больш за 12 гадзін на суткі з імі побач, са сваімі ці чужымі. Я іх не размяжоўваю — дзеці ёсць дзеці.

Яны такія светлыя і такія шчырыя. Калі падманваюць, то наіўна. А ў хоспісе дзеці такія, што ўвогуле не падманваюць, бо не ўмеюць.

З імі хоць у выведку можна. Яны не падвядуць. У іх няма досведу, але ёсць свой непаўторны погляд на гэтае жыццё. І яшчэ — яны не ныюць. Калі кепска, то плачуць, калі добра, то ўсміхаюцца. Фонавай незадаволенасці жыццём у іх няма. Можа таму я з імі не стамляюся, хаця працую да сёмай ці восьмай вечара штодня.

Мне проста падабаецца тое, што я раблю. Каб не падабалася, мяне б тут не было.

За 10 гадоў кіравання хоспісам я навучылася ўсяму. Зараз ведаю, як зрабіць рамонт, заліць падлогу, пакласці плітку ці правесці каналізацыю. Сёння мы з дзяўчатамі самі сабралі стол. А яшчэ ствараем калекцыю адзення для людзей з інваліднасцю — працуем над дызайнам і канструкцыяй. Гэта робіцца, каб хоспіс мог зарабляць грошы. Бо жыць толькі за ахвяраванні складана.

Так што давялося стаць яшчэ эканамістам і планавіком. Раней не ўяўляла, што такое прыбытак, а зараз магу з ходу ацаніць, ці акупіцца які-небудзь праект. Многім рэчам у жыцці можна навучыцца. Спачатку страшна гэта рабіць, але ж трэба.

Тое, што кіраваць не жаночая справа — гэта поўнае глупства. Справы нельга падзяляць на мужчынскія і жаночыя. Увогуле, няма ніякай мужчынскай ці жаночай справы. Фізіялогія тут ні пры чым. Усё толькі ад чалавека залежыць, ад здольнасцяў. Можа, я і не змагу падняць 50 кілаграмаў, а іншая жанчына і 100 падыме. З другога боку — развіваюцца тэхналогіі. І калі слабейшаму фізічна цяжка капаць рыдлёўкай, то з экскаватарам напэўна можна справіцца. Свет ідзе наперад дзеля таго, каб любая прафесія не абмяжоўвала чалавека па прыкмеце полу ці, напрыклад, інваліднасці. Галоўнае — каб было жаданне.


Валянціна Шоба: «Я — «прынцэса ў вежы» і не трэба мяне вызваляць


Алена Шчасная: «Я — архітэктар па жыцці»


Наста Яроцкая: «Я — галоўная гераіня свайго кіно»


Наста Трафімчык: «Я магу бегчы, то чаму б не ультрамарафон?»


Анжаліка Борыс: «Я дамаўляюся на парытэтах. Інакш — не саступлю»


Вольга Гаўрылік: «Я — пчолка, што шукае нектар, але ўмее джаліць»


Таццяна Чысцякова: «Мяняць жыццё я пачала ўжо за 50»


Юлія Мінчанка: «Я гляджу на жыццё са сваёй званіцы»

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life