У цэнтры Гродна на Карла Маркса ноччу гуляла маленькая сава. Гродзенскі фатограф Томас Шындзін зрабіў некалькі фота нетыповай для горада птушкі. Саву заўважылі каля крамы «Мілавіца».
Гродзенскі арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі распавёў, што гэта звычайная кугакаўка, дарослая асобіна.
«Гэта птушкі старых лясоў і паркаў, гняздуюць у дуплах. Магчыма, праблемы праз сутыкненне ці з іншай прычыны, таму сядзела на зямлі».
— Вы толькі ўдумайцеся: адна, маленькая — і ў бетонным горадзе, дзе вакол пануюць начныя крыкі моладзі і гараць пару ліхтароў, — напісаў гарадзенец ў сваім акаўнце ў Instagram.
Па словах фатографа, побач была кампанія, якая выклікала таксі, каб забраць саву дадому і раніцай адвезці у заапарк. Што з птушкай цяпер, ён не ведае.