У Карэлічах стварылі карціну, на якой размешчаны контуры Гродзенскай вобласці. Кожны з яе раёнаў вышыты аўтэнтычным арнаментам, характэрным для таго ці іншага рэгіёна. Яе стварылі да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, піша polymia.by.
— Ідэя стварэння гэтага палатна ў нас з дырэктарам Юліяй Баярэнка з’явілася амаль адначасова, — расказвае аўтар, майстар-метадыст аддзела рамеснай дзейнасці Вольга Крышэнь. — Перад тым, як распачаць працу, я прагледзела вялікую колькасць кніг, даследуючы матэрыялы пра тое, якім узорам упрыгожвалі посцілкі ў тым ці іншым раёне. Часам здаралася, што інфармацыі амаль не было — тады прыходзілася шукаць у Інтэрнэце…
Такім чынам, на збор дакладных звестак майстар выдаткавала адзін месяц. Яшчэ адзін спатрэбіўся на саму вышыўку. Колер нітак на карціне не паўтараецца: падобныя адзін да аднаго ўзоры Вольга Глебаўна рабіла пры дапамозе розных адценняў. Напрыклад, Лідскі раён цалкам чырвоны, а вось Гродзенскі ўжо ўпрыгожваюць ніткі больш цёмнага колеру.
Раму для сваёй работы майстар набывала ў Гродне, а само палатно абцягвала льняной тканінай. Потым на будучай карціне рабіўся эскіз і пачыналася доўгая і карпатлівая праца. Па перыметры работы ўзоры таксама сімвалічныя: зверху — аўтэнтычны ўзор Віцебскай вобласці, з якой мяжуе Гродзеншчына, знізу — Брэсцкай, з правага боку — Мінскай, а з левага — Беластоцкага ваяводства. Каб дапоўніць карціну, было вырашана зрабіць яшчэ адзін штрых — гадзіннік, які сваім колерам сімвалізуе чатыры пары года.
Карціна стане ўласнасцю адной гродзенкі. Па словах аўтара, яна плануе зрабіць яшчэ адну карціну, толькі меншага памеру.