Алена Шчасная – архітэктарка, навуковая кіраўнічка праектаў рэканструкцыі храмавай архітэктуры. Удзельніца праекта “PRO WOMEN: ламаючы стэрэатыпы”. У праект увайшлі дзевяць фотагісторый і інтэрв’ю з сучаснымі гродзенкамі. У кожнай удзельніцы – свой жыццёвы сцэнарый, кожная ідзе шляхам, што выбрала сама. Фотавыставу можна паглядзець у Цэнтры гарадскога жыцця ад 19 верасня да 3 кастрычніка. Арганізавалі праект HrodnaMediaRoom, інтэрнэт-партал Hrodna.Life і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Стаць архітэктаркай я вырашыла ў апошні школьны год. Сумнявалася, канечне, бо казалі, што паступіць складана. Трэба здаваць малюнак, а ў Воранаве, дзе я жыла, нават школы мастацкай не было. Мама тады сказала: “Нічога табе раіць не буду, гэта твой выбар. Ты хочаш? Спрабуй”.

У выніку я не паступіла. Пайшла ў каледж і ўжо пасля працягнула вучыцца, скончыла ўніверсітэт і завочна аспірантуру. Мой дыплом быў пра адраджэнне раёна Нямігі ў Мінску і нават трохі меў рэзананс у прэсе.
Напэўна, праз тое ў Гродне мне адразу далі складаны аб’ект – рэстаўрацыю архірэйскага падвор’я. Ён агромністы як для пачаткоўца – адразу тры будынкі. Падтрымаў тады епіскап Арцемій. Казаў: “Добра, што ты маладая. Тут столькі працы, што, баюся, я да канца і не дажыву”. Але, дзякуй Богу, дажыў, усё добра.

Вывучаць храмавую архітэктуру мне давялося самастойна. Ва ўніверсітэце такога курса не было. Шмат дапамагалі з Епархіі, уладыка мноства кнігаў падарыў, аддаў усё, што меў па архітэктуры.
У Гродна я прыехала нехрышчонай. Калі пачала працаваць з храмамі, калегі ўвесь час з гэтага жартавалі. Тады я прыняла хрост. Потым стала сябрам сінадальнай камісіі па захоўванні архітэктурнай спадчыны.

Так сталася, што я архітэктар па жыцці. Я патрапіла ў той асяродак, дзе мне падабаецца. Ніколі не было, каб думала: “Які жах, трэба ісці на працу”. І чытаю я не таму, што вось, трэба чытаць. Мне проста цікава. Калі знаходзіш, што табе падабаецца, яно робіцца часткай твайго жыцця, часткай цябе. І ты жывеш тым, што робіш.
Мне падаецца, я не вельмі заўважны чалавек. Невысокага росту, не люблю асабліва прыцягваць увагу да сваёй знешнасці. У гэтым плане я спакойная. Мне дастаткова іншых эмоцый.



