Фільм «Кроў на бруку. Гродна 1939 г.» распавядае пра тое, як 80 гадоў таму «вызвольны паход» Чырвонай арміі ў Гродна сустрэўся з супрацівам невялікага вайсковага гарнізону ды цывільнага насельніцтва. Раней карціна была даступна толькі для прыватных паказаў.
Фільм ствараўся польскай фундацыяй імя Іаахіма Лялевеля пры падтрымцы Саюза палякаў у Беларусі. Грошы збіраліся праз краўдфандынг.
Фільм «Кроў на бруку. Гродна 1939 г.» распавядае пра няроўнае змаганне за Гродна ў верасні 1939 года паміж чырвонаармейцамі і абаронцамі горада. Баі за Гродна адбываліся 20−22 верасня. Нягледзячы на колькасную перавагу чырвонаармейцаў, абаронцам спачатку ўдалося адбівацца, было нават спалена некалькі савецкіх танкаў. Але саветы ўсё ж такі прарвалі абарону і занялі горад. Мясцовых абаронцаў, сярод якіх было шмат моладзі, расстрэльвалі. Хтосьці паспеў уцячы.