З нагоды свайго трэцяга дня нараджэння і Міжнароднага дня фельтмейкера майстры з крамы «Лёля» ладзяць конкурс на самую цікавую рэч з воўны «Цёплая восень». Пераможцаў чакаюць прызы, сярод якіх будуць падарункавыя сертыфікаты, карысныя рэчы і сувеніры. Конкурс пройдзе ад 10 верасня да 3 кастрычніка.
Каб паўдзельнічаць, трэба зрабіць рэч з воўны у тэхніцы сухога ці мокрага лямцавання, прынесці яе ў крамку, дзе будзе аргаізавана выстава лямцаваных вырабаў. Можна таксама прынесці рэч, зробленую раней.
Крама як публічная прастора. У краме «Лёля» культурны «дзвіж» стане рэгулярным
Конкурс прымеркавалі да дня народзінаў «Лёлі», які адзначаюць у першы дзень кастрычніка. Вынікі будуць падведзены 3 кастрычніка, у Міжнародны дзень фельтмейкера.
Арганізатары абяцаюць некалькі намінацый і шмат прызоў. Можна будзе выйграць карысныя рэчы — падарункавыя сертыфікаты на тавары для рукадзелля, настольную лямпу ці набор мёду. Нехта з пераможцаў атрымае магчымасць паўдзельнічаць у трансфармацыйнай гульні ці ў фотасесіі з коньмі. Самых малодшых майстроў і майстрых чакаюць смачныя пернікі ў выглядзе авечак.
Рэдакцыя Hrodna.life падарыць пераможцам свае фірмовыя кубкі і раскажа пра ўдзельнікаў конкурса ды іх цікавыя вырабы.
Натхняйцеся і зробім восень цёплай разам!