У 891-ы Дзень нараджэння Гродна свята пройдзе адразу на некалькіх пляцоўках. Свой выбар на карысць адной з іх арганізатары прапануюць зрабіць, у тым ліку зыходзячы з музычных густаў, паведамляе grodnonews.by.
У пятніцу, 13 верасня, музычны настрой задасць святочны канцэрт у абласной філармоніі «#ГРОДНОЗВУЧИТ!». Тут пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання і ўнясення лаўрэатаў у «Кнігу Славы» горада, будуць названы імёны гродзенцаў, якія ўдастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Гродна».
Пасля канцэрта на пляцоўцы каля абласной філармоніі ў 21.00 пачнецца флэшмоб байкерскага клуба «HarleyRiders».
Суботні дзень у Гродне пачнецца з набажэнства ў храмах, а апоўдні горад напоўняць мелодыі гродзенскіх званоў. Іх перазвон будзе гучаць у гонар Дня горада Гродна. Бясплатныя экскурсіі па горадзе пройдуць у 10.00, 11.00 і 11.30.
Атрымаць асалоду ад «Імгненняў гродзенскай прыгажосці» можна будзе, зазірнуўшы ў выставачную зала на вуліцы Ажэшкі. Тут свае работы прадставяць члены народнага фотаклуба «Гродна», пройдзе прэзентацыя фотаальбомаў «Гродна» і «Каложская царква» Аляксандра Ласмінскага. Адкрыецца выстава Яна Хведчына ў культурным цэнтры «Фестывальны» з назвай «Гродзеншчына рэпарцёрская».
Тэрыторыяй аркестравых мелодый у Дзень нараджэння Гродна стане пляцоўка на вуліцы Горкага. У 13.00 тут пачнецца свята музыкі з удзелам гродзенскіх духавых аркестраў і з аграгарадка Парэчча. Перад канцэртам пройдзе дэфіле аркестра 6-ай асобнай механізаванай брыгады і пляц-канцэрт роты ганаровай варты ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.
У парку Жылібера пройдзе выстава музычных інструментаў і АРТ-аб'ектаў прадпрыемстваў і арганізацый горада. Прычым, тэмай, якая будзе аб’ядноўваць апошнія, як вы ўжо здагадаліся, будуць менавіта музычныя матывы.
На вуліцы Горкага з’явіцца да свята новая святладыёдная канструкцыя ад прадпрыемства «Гарсвятло», якая стане яшчэ адной фотазоной для жыхароў абласнога цэнтра і гасцей горада.
Плошча Леніна ў святочны дзень стане тэрыторыяй музыкі ў асноўным з прыстаўкай «рэтра». Адкрые праграму эстрадна-сімфанічны аркестр абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Барыса Мягкова. Выступяць хор «Росница», ансамблі «Фабрычны калорый», «Гасцінец», «Нёман» і музычны тэатр «Рада».
Прама на сцэне ў гэты дзень гродзенец Яўген Назарэвіч, шматразовы чэмпіён Еўропы па гіравым спорце, рэкардсмен рэкордаў Гінеса ў гіравым марафоне, — паспрабуе ўсталяваць спартыўны рэкорд для роднага горада. Прыходзьце на плошчу Леніна да 15.30.
Плошчу Леніна па традыцыі стане яшчэ і галоўнай тэрыторыяй гастра-настрою: тут разгарнецца прасторнае кафэ пад адкрытым небам. А ў вячэрняй музычнай праграме — выступ заслужаных артыстаў Беларусі Вікторыі Алешка і Аляксандра Саладухі, а таксама спявачкі, вядоўцы і актрысы Ларысы Грыбалёвай, беларускага выканаўцы Аляксея Хлястова.
У парку Жылібера пройдзе ColorFest і выступіць малады артыст «МЭВЛ».
На пляцоўцы ля моладзевага цэнтра «Гродна» выступяць рок-музыкі, пройдзе выстава байк-тэхнікі. А яшчэ правядуць майстар-класы па нанясенні татуіровак.
У лютэранскай кірсе ў 18.00 пройдзе арганны канцэрт «Яго Вялікасць Арган любімаму гораду Гродна».
Тэрыторыя ЦСК «Нёман» без перабольшання будзе пярэстая разнастайнасцю сыроў на любы густ і колер. У першай палове дня тут пройдзе: закрыццё выставы-кірмашу «Еўрарэгіён «Нёман-2019», а ўжо ў 13.00 старт будзе дадзены VII Фестывалю сыру. У гэтым годзе ён упершыню пераедзе з цэнтра горада на спартовы аб’ект і ў сугучча да гэтага ў праграме — «Сырная спартакіяда» і «Баі гладыятараў». Гасцей чакаюць сырны аўкцыён, масавы флэшмоб, займальныя віктарыны з прызамі, і нават выступленне чатырохмятровага танцуючага мядзведзя Аэра.
Пройдуць святочныя праграмы і ў спальных мікрараёнах горада. У Ленінскім раёне да 14.00 гродзенцаў чакаюць на тэрыторыі СШ № 27. У Кастрычніцкім раёне святочным настроем будуць дзяліцца ў 11.00 у мікрараёне Альшанка каля крамы «Санта», у 14.00 на пляцоўцы абласной філармоніі па вуліцы Гарнавых і ў 17.00 на назіральнай пляцоўцы па вул. Дарвіна.
Кульмінацыяй вечаровай праграмы свята стане салют у Каложскім парку ў 22.00.