Гродзенец Віктар Малей 11 верасня падзяліўся відэазапісам, у якім паказаў, як гродзенскія дзеці перад школай шукаюць у гарадскім фантане манеты.

Віктар жыве недалёка ад гарадскога парку і рэгулярна бачыць, як дзеці шукаюць манеты ў фантанах.

«Дзеці ў фантане з’яўляюцца амаль кожны дзень, асабліва ўлетку. Часцей за ўсё з’яўляюцца пасля выходных, тады ў фантане больш манет. Толькі ў вялікім фантане 11 верасня яны знайшлі 8 рублёў, у іншых менш. Малайцы, прыстасаваліся, нават магніт з сабой прынеслі. Сабралі трохі грошай перад школай і пайшлі сабе далей», — распавёў Віктар.

У турыстаў ва ўсім свеце ёсць традыцыя кідаць у фантаны манеты. Хочаш вярнуцца ў горад — кінь у мясцовы фантан манетку. Ну, ці проста «на шчасце». Турысты вераць у гэтую традыцыю і закідваюць дробяззю фантаны ва ўсіх буйных гарадах.