У прыгарадзе італьянскага Мілана гродзенец Яўген Назарэвіч аказаўся лепшым у гіравым марафоне, піша «Гродзенская праўда».

У канцы лістапада ў Італіі праходзіў III чэмпіянат свету па гіравым марафоне пад эгідай Міжнароднай федэрацыі гіравога марафону. У спаборніцтвах удзельнічалі 170 атлетаў з 21 краіны. Спартсмены падымалі гіры на працягу 30 і 60 хвілін.

У складзе беларускай дэлегацыі ў чэмпіянаце свету ўдзельнічаў гродзенскі гіравік Яўген Назарэвіч. У прафесійнай катэгорыі Open у практыкаванні рывок гіры 32 кг на працягу 30 хвілін Яўген заваяваў «золата» з вынікам 457 падыманняў.

Займацца гіравым спортам Яўген пачаў у 2007 годзе пасля выступлення на галіновай спартакіядзе. Першым трэнерам быў гродзенец Сяргей Мацко, затым трэніраваўся пад кіраўніцтвам мінчука Сяргея Мацкевіча.

У 2014−2015 гадах Яўген усталяваў 5 рэкордаў Гінеса пад кіраўніцтвам Анатоля Яжова, прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі гіравога трыятлону. Рэкорд Гінеса ў рыўку на працягу гадзіны, які складае 1400 падыманняў гірай 24 кг, не пабіты да гэтага часу. У 2016 годзе гродзенскі спартсмен стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату свету ў Турыне, выканаўшы нарматыў майстра спорту міжнароднага класа.