У Шчучыне два мужчыны адпампоўвалі ваду з калодзежа і атруціліся каналізацыйнымі газамі, паведамілі БЕЛТА ў Гродзенскім абласным упраўленні МНС.

Каля 11 гадзін 2 верасня выратавальнікам паступіла паведамленне пра тое, што ў тэхналагічным калодзежы на вуліцы Акадэмічнай знаходзяцца два чалавекі. Адзін з іх страціў прытомнасць.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчыны адпампоўвалі ваду з каналізацыйнага калодзежа. Адчуўшы недамаганне, яны сталі клікаць на дапамогу. Рознарабочы, які праходзіў міма, пачуў крыкі, наблізіўся да калодзежа і ўбачыў, што адзін з працаўнікоў страціў прытомнасць. Выбрацца самастойна мужчыны не маглі. Відавочца выклікаў дапамогу», — паведамілі ў абласным упраўленні МНС.

Мужчыны знаходзіліся на глыбіні каля 4 м. Ратавальнікі пры дапамозе вяровак вынялі іх вонкі і перадалі брыгадзе медыкаў. Пасля агляду пацярпелыя былі шпіталізаваны ў раённую бальніцу з папярэднім дыягназам «атручэнне сумессю каналізацыйных газаў».