На мінулым тыдні завяршылася дэкада дзяржтэхагляду. З кожным годам усё менш транспартных сродкаў бывае на станцыях дыягностыкі. Для параўнання: у 2013 годзе на станцыях дыягностыкі выдавалі па за 250 000 дазволаў у год на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, у 2018 іх было 180 000. Карэспандэнт «Гродзенскай праўды» разам з супрацоўнікамі ДАІ пабывала ў рэйдзе і пацікавілася ў кіроўцаў, чаму яны не праходзяць дзяржтэхагляд.
Усяго за час рэйдавых мерапрыемстваў праваахоўнікі сумесна з супрацоўнікамі белдзяржтэхагляда выявілі 1161 аўтамабіль без допуску да ўдзелу ў дарожным руху.
— Лічба немаленькая, і, скажу шчыра, мы меркавалі такі зыход. Але асноўная задача гэтай дэкады — прафілактычная. Важна, каб кіроўцы памяталі пра тое, што ёсць шмат тэхнічных няспраўнасцяў, пра якія можна даведацца толькі на дыягнастычнай станцыі. І калі своечасова гэтага не зрабіць, то наступствы могуць быць сумнымі, — адзначыў начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС аблвыканкама Андрэй Цыдзік.
Адным з тых, каго спынілі супрацоўнікі ДАІ, быў грамадзянін Расіі. Апошні раз ён атрымаў афіцыйны допуск да ўдзелу ў дарожным руху ў 2016 годзе. Расіянін патлумачыў, што не жыве пастаянна ў Беларусі. Па прыездзе тэхагляд праходзіў, але допуск не атрымаў з-за якое трэснутага лабавога шкла. З такім на дарогу выязджаць нельга.
Сярод парушальнікаў быў і жыхар Польшчы. Апошні раз ён атрымаў афіцыйны допуск да ўдзелу ў дарожным руху ў 2017 годзе. Растлумачыў, што не можа прайсці тэхагляд з-за англійскай фары. Яна адрозніваецца ад беларускай, так як у Англіі правабаковы рух. Знайсці новую і памяняць усё не збярэцца, растлумачыў парушальнік.
Адзін з кіроўцаў сказаў, што ён рэдка ездзіць на гэтай машыне, і не бачыць сэнсу ісці на станцыю, бо там акрамя платы за дыягностыку трэба ўнесці транспартны падатак. Але гэта не дае яму права выязджаць на дарогу на такім аўто. Аднак супрацоўнікі ДАІ заўсёды ўлічваюць спадарожныя фактары і наяўнасць папярэдніх парушэнняў. Калі штрафная гісторыя кароткая, то кіроўцу могуць вынесці папярэджанне. Так было з жанчынай, у якой тэрмін дзеяння допуску скончыўся ў 2018 годзе. Сярод злосных парушальнікаў яна не лічыцца, ды і выхоўвае чацвярых дзяцей.
— Я адна, гэта не так проста. Дзецям заўсёды нешта трэба, і паездка на станцыю увесь час адкладаецца на потым. Калі б можна было гэтую суму заплаціць часткамі, было б лягчэй, — сказала кіроўца.
Вельмі часта кіроўцы, каб пазбегнуць адказнасці, казалі, што пакінулі дакументы дома. Лёгка праверыць, ці было аўто на станцыі дыягностыкі, — дастаткова патэлефанаваць супрацоўніку белдзяржтэхагляда, паведаміць дадзеныя, і сістэма адразу расставіць усе кропкі над «і».
Спецыялісты падкрэсліваюць, што без спецыялізаванага абсталявання нельга ўбачыць усе няспраўнасці аўтамабіля, і ніхто не ведае, у які момант можа адбыцца паломка. І тут ужо кошт пытання не беларускія рублі, а чалавечыя жыцці.