24-гадзінны дабрачынны марафон «24 РАЗАМ» ў дапамогу дзецям з аўтызмам пройдзе 16−17 жніўня. Прыняць удзел у акцыі зможа кожны жыхар Гродзенскай вобласці. Рыхтуюцца падтрымаць праект вядомыя спартсмены і дзеячы мастацтва. Збіраюцца дапамагчы беларускім дзецям з аўтызмам і нашы спартсмены, якія зараз знаходзяцца за мяжой на зборах. У прыватнасці, у скарбонку дабрачыннага марафону свой уклад ўжо ўнеслі гандбольны клуб СКА-Мінск, гульцы якога на зборы ў Славеніі прабеглі ў агульнай складанасці 44 гадзіны, а таксама нацыянальная жаночая зборная па хакеі на траве — больш за 15 гадзін. Плануюць свой удзел вядомыя айчынныя і замежныя клубы, у складзе якіх гуляюць беларускія гульцы.
Пра сваю падтрымку марафона заявіла і Беларуская федэрацыя футбола. У рамках 18 тура ўсе каманды элітнага дывізіёна «Беларусбанк — вышэйшай лігі», якія выйдуць на палі краіны 16 і 17 жніўня, адправяць у залік марафону свой час знаходжання ў гульні. Свае каманды для ўдзелу ў 24-гадзінным марафоне заявілі ФК БАТЭ, ФК «Іслач», ФК «Дняпро», ФК «Art-Stars», ФК «Дыпламат».
Па ўмовах дабрачыннага марафону «24 РАЗАМ» беларусам трэба прабегчы або праплысці за суткі ў агульнай складанасці 10 000 гадзін. Па выніках праекта «24 РАЗАМ» дабрачынная дапамога ад відэасэрвісу VOKA на суму 50 000 рублёў будзе аказана міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і праекту «Спорт-інклюзія», які курыруе знакамітая плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Ён накіраваны на стварэнне інклюзіўных спартыўных праграм, якія прадугледжваюць сумесную падрыхтоўку нейротыповых дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
«Хачу заклікаць усіх, хто хоча падтрымаць дзяцей з аўтызмам, прыняць удзел у дабрачынным марафоне „24 РАЗАМ“. Мы хочам дапамагчы кожнаму дзіцяці з асаблівасцямі развіцця знайсці сваё месца ў грамадстве, адчуваць сябе камфортна ў жыцці і ў спорце. Мы клічам беларусаў прабегчы і праплысці ў дапамогу дзецям. Кожная хвіліна, якую вы прабяжыць ў гэтыя суткі, пойдзе ў агульную скарбонку нашага праекта і будзе перакладзеная ў суму дабрачыннай дапамогі», — заявіла Аляксандра Герасіменя, ініцыятар дабрачыннага праекта «24 РАЗАМ». Сама Аляксандра 17 жніўня правядзе ў дапамогу дзецям свой апошні заплыў.
Дапамагчы дзецям можна, прабегшы ў любым месцы або праплыўшы ў любым басейне, адзначыць працягласць забегу або заплыву пры дапамозе любога фітнес-дадатку і размясціць скрыншот на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хаштэгам #VOKA24.
Пра свой удзел у марафоне ўжо заявілі знакамітыя спартсмены і знакамітыя беларусы. Аляксандра Герасіменя, Надзея Скардзіна, Кацярына Вандар’ева, Вольга Хіжынкова, Дар’я Домрачава, Анастасія Верамеенка, Марына Арзамасава, Аляксандра Сасновіч, Марына Слуцкая, Дзмітрый Асанаў, Віталь Радзівонаў і многія іншыя, прадстаўнікі гандбольнага СКА, футбольнага БАТЭ, хакейнага «Дынама» і іншых вядучых клубаў краіны выйдуць на старт дабрачыннага марафону «24 РАЗАМ». А кожны, хто хоча прабегчы або праплысці разам з імі, можа зарэгістравацца на сайце праекту — VOKA24.by, атрымаць чып і стаць сябрам адной з «зорных» каманд. Свой удзел у марафоне «24 РАЗАМ» ужо пацвердзілі і беларускія артысты, у тым ліку спявачка Ганна Шаркунова і мадэльер Іван Айплатаў.
На дадзены момант на марафон ужо зарэгістравалася вялікая колькасць карпаратыўных каманд. Свае каманды выставілі і сродкі масавай інфармацыі: тэлеканалы «Беларусь 1», «Беларусь 5», ОНТ, а таксама парталы T*T.by і Onliner.by, газеты «Комсомольская правда в Беларуси», «Прессбол», інфармацыйнае агенцтва «Минск-новости». Самай масавай «зорнай» камандай стала каманда Дар'і Домрачавай, яе ўдзельнікі будуць бегчы, змяняючы адзін аднаго, на працягу ўсяго марафону — 24 гадзіны без перапынку. Зарэгістравалася на дабрачынны марафон і каманда амбасады ЗША ў Беларусі, якая стала першай па колькасці заяўленых удзельнікаў сярод усіх карпаратыўных каманд. У складзе каманды ФК «Дыпламат» у дабрачынным марафоне возьмуць удзел дыпламатычныя работнікі з Германіі, Чэхіі, Венгрыі, Расіі, Казахстана, Венесуэлы, Славакіі і іншых краін.
Сам 24-гадзінны бегавы марафон пройдзе на стадыёне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы па адрасе вул. Каліноўскага, 111 (збор удзельнікаў 16 жніўня ў 17.30, старт у 18:00), а 6-гадзінны заплыў - у плавальным басейне САК «Трактар» па вул. Даўгабродская, 37 (старт 17 жніўня ў 12:00). Марафон фінішуе 17 жніўня ў 18:00.
Ужо 70 самых адважных бегуноў заявілі пра сваё жаданне бегчы на працягу ўсяго 24-гадзіннага марафону. Самыя вынослівыя бегуны — тыя, хто пераадолее найбольшую колькасць кіламетраў за суткі, будуць заахвочаны каштоўнымі падарункамі ад відэасэрвісу VOKA, кампаніі Xiaomi, прызам у спецыяльнай намінацыі ад тэлеканала «ЖИВИ!». У праграме марафону таксама будзе разыграны камандны залік, пераможцам якога стане каманда з максімальнай колькасцю бегуноў. Акрамя таго, на марафоне будзе працаваць магазін спартыўнага адзення Дар'і Домрачавай.
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…