У апошні дзень сакавіка ў Мінску прайшоў дабрачынны паўмарафон «Інакш», прымеркаваны да Сусветнага дня інфармавання аб праблеме аўтызму. Упершыню ў такім масавым мерапрыемстве прыняў удзел прадстаўнік гродзенскага бегавога клуба Run4fun Аляксандр Боган. Ён распавёў пра свой першы вопыт у якасці спартыўнага валанцёра і пра пераадоленне больш за 16,5 км з чалавекам у вазку.

Арганізатарам паўмарафона, у якім нароўні з усімі прымаюць удзел бегуны з аўтызмам і атлеты ў вазках, выступае інклюзіўны спартыўны клуб «Крылы анёлаў». Забег праводзіцца па правілах «таючай дыстанцыі». Дабрачынныя ўнёскі удзельнікаў ідуць не толькі на арганізацыю мерапрыемства, але і на падтрыманне працы спартыўнага клуба «Крылы анёлаў» у 2019 годзе.

Перапаўнялі эмоцыі і пачуццё гонару

Аляксандр разам з гродзенскім клубам Run4fun бегае ўжо некалькі гадоў. У гэтым годзе ён упершыню вырашыў стаць удзельнікам паўмарафона «Інакш».

«Я прапанаваў свой удзел у якасці валанцёра і мне пашчасціла быць крылом для Сашы Зянько [у хлопца ДЦП і самастойна кіраваць вазком ён не можа — рэд.], — распавядае Аляксандр Боган. — Было бясконца прыемна глядзець, як ён радуецца і ўсміхаецца, калі чуе словы падтрымкі ад іншых удзельнікаў, або калі мы бяжым з гары, ці забягаем пад мост. Я прыклаў максімум сваіх сіл, каб наш бег быў бяспечным і ў той жа час дынамічным, бо беглі мы нават хутчэй многіх удзельнікаў і змаглі пераадолець 16,5 км. Але, як мне падалося, Саша радаваўся не столькі кіламетрам, колькі проста магчымасці быць удзельнікам забегу. Мяне перапаўнялі эмоцыі і пачуццё гонару за яго».

«Дабрачыннасць гэта не толькі грашовы ўдзел». Гродзенец распавядае пра досвед спартыўнага валанцёра
«Дабрачыннасць гэта не толькі грашовы ўдзел». Гродзенец распавядае пра досвед спартыўнага валанцёра

Важныя не толькі грошы, але і падтрымка

Пасля забегу Аляксандр зрабіў для сябе выснову: дабрачыннасць бліжэй, чым можа здавацца на першы погляд. Гродзенец адзначае, што такія мерапрыемствы — гэта новы свет для людзей з асаблівасцямі развіцця.

«У звычайным жыцці, на жаль, спорт для іх недаступны, — кажа гродзенец. — Дзякуючы крылам-валанцёрам у «анёлаў» з’яўляецца магчымасць выпрабаваць усе тыя пачуцці, якія адчуваюць сотні іншых удзельнікаў, якія знаходзяцца на дыстанцыі. Але для іх гэтыя адчуванні значна ярчэй.

Пасля такога мерапрыемства я зразумеў, што дабрачыннасць гэта не толькі грашовы ўдзел. Хоць грошы патрэбныя, бо спецыяльныя бегавыя вазкі таксама каштуюць грошай. Калі лічыце, што бег гэта пустая трата часу, паспрабуйце гэта сказаць дзіцяці ў інваліднай калясцы, якое чакае наступнага старту. Важна не саромецца падтрымліваць такіх людзей, бо ім не жаль патрэбны, а менавіта падтрымка".

«Дабрачыннасць гэта не толькі грашовы ўдзел». Гродзенец распавядае пра досвед спартыўнага валанцёра

Аляксандр вядзе блог у інстаграм і расказывае там пра бег у сваім жыцці.

Што такое таючая дыстанцыя?

Таючая дыстанцыя прадугледжвае разварот роўна пасярэдзіне дыстанцыі і вяртанне да фінішу па ўжо знаёмым шляху.

Той, хто першым пераадолеў палову дыстанцыі паўмарафону «Інакш» — 10,6 км — атрымліваў сіні плашч лідара і права разварочваць да фінішу астатніх удзельнікаў. Такім чынам, дыстанцыя да фінішу пачынала «раставаць» для менш падрыхтаваных бегуноў, скарачаючы ім нагрузку.

Змаганне за прызавыя месцы ў гэтым выпадку доўжыцца толькі да сярэдзіны дыстанцыі: развярнуўшыся, удзельнікі бягуць да фінішу камфортным для сябе тэмпам.

Хто такія «Крылы Анёлаў»

Каманда «Крылы Анёлаў» створана ў 2015 годзе. «Мы назвалі сябе Крыламі, каб дапамагаць ўключыцца ў актыўнае жыццё і спорт тым, каму цяжка, і нават тым, хто лічыў гэта немагчымым», — піша каманда на сваім сайце.

З тых часоў больш за сто новых Крылаў і Анёлаў, якія раней не думалі пра спорт, адкрылі для сябе бег як крыніцу радасці і натхнення, знайшлі новых сяброў, навучыліся дарыць і прымаць дапамогу.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life