Грошы вылучаць у рамках дабрачыннай акцыі «Збяром дзяцей у школу». Так, на тэрыторыі Ленінскага раёна ў Гродне аднаразовую матэрыяльную дапамогу да навучальнага года атрымае 1014 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца больш за дзве тысячы дзяцей. На кожнага навучэнца са шматдзетнай сям'і дзяржава выдаткуе 30 рублёў, паведамляе grodnoplustv.by.

— Летась мы аказалі дапамогу на агульную суму больш за 270 000 рублёў. На сённяшні дзень мы запланавалі аказаць дапамогу дзеткам са шматдзетных сем’яў, якія навучаюцца ў нашых установах адукацыі - 210 дзеткам. Мы выплацім амаль 63 000 беларускіх рублёў з дзяржаўнага бюджэту, — сказаў Аляксандр Коўш, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Гародні.

Усяго ў горадзе Гродна пражывае 4 265 шматдзетных сем’яў. На набыццё абутку, адзення і школьных прыладаў дзецям з малазабяспечаных сем’яў выплацяць аднаразовую дапамогу, памер якога будзе залежаць ад даходу сям'і і жыццёвай сітуацыі. Усяго ў Гродне адрасную дапамогу да новага навучальнага года атрымае 7 714 дзяцей.

На sb.by палічылі, што каб сабраць дзіця ў школу, сёлета спатрэбіцца ад 157 да 480 рублёў на адзенне і абутак (ад 178 да 588 для вучняў старэйшых класаў), і ад 23 да 168 рублёў на канцтавары.