Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў прадставіў грамадскасці свой сігнальны варыянт новай кнігі пад назвай «Верасень 1939-га. Магілы „неаб'яўленай“ вайны». Зараз на Ulej.by ён пачаў збор сродкаў на яе выданне.

Гісторык расказвае, што кніга будзе цікавая ўсім жыхарам Беларусі, бо ў ёй паказаны амаль невывучаныя факты баявых дзеянняў паміж Войскам Польскім і Чырвонай Арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў верасні 1939-га.

«Акрамя гэтага, факты ў кнізе пададзеныя праз прызму трагедыі звычайных жаўнераў. Як польскага, так і савецкага войскаў, — кажа гісторык. — Калі казаць пра гарадзенцаў, то цэлы раздзел кнігі прысвечаны баямі паміж Войскам Польскім і Чырвонай Арміі на Гарадзеншчыне. Ён, дарэчы, называецца „Бітва за гонар“. Чаму так? Таму, што польскія жаўнеры і цывільныя жыхары, сярод якіх былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў вырашылі даць бой савецкаму войску і адстаяць свой гонар. І тая бітва за горад на Нёмане дорага каштавала для войскаў уварвання».

Зараз каб выдаць кнігу Мельнікаву трэба сабраць 8000 рублёў. Замовіць гатовае выданне можна за 90 рублёў, за большыя сумы аўтар прапануе дадаткова запрашэнне на экскурсіі пра міжваенны час і былую савецка-польскую мяжу ля Заслаўя.

Даведка
Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук, магістр Варшаўскага ўніверсітэта. Спецыяліст па вайсковай гісторыі Беларусі. Аўтар кніг «Заходнебеларуская Атлантыда 1921 — 1941 гг.» (2014), «Мяжа ля Заслаўя 1921 — 1941 гг.» (2015), «Заходнебеларуская Атлантыда 1921 — 1941 гг. Паміж Варшавай і Масквой» (2016), «Яліна. Гісторыя ў 90 гадоў» (2016), «Забытыя героі. Жаўнеры з Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе» (2017), «Адысея палешука» (2017), «Мяжа была пад Мінскам 1921- 1941 гг.» (2017), «20 dywizja piechoty» (2017), «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919−1920 гадах» (2018), Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава (2018). Лаўрэат Прэміі імя Вацлава Ластоўскага за папулярызацыю ведаў па гісторыі Беларусі (2014).