7 ліпеня на Аўгустоўскім канале на шлюзе Дамброўка пройдзе фальклорная праграма «Вяртанне да вытокаў». Яна перанясе гасцей у часы, калі сілы прыроды кіравалі светам, калі кожная песня несла ў сабе патаемны сэнс, а танец складаўся з мовы сімвалаў, паведамляе grodnonews.by.

Яшчэ больш зліцца з прыродай дазволіць экалагічнае свята, на якім можна будзе пачаставацца травяной гарбатай, даведацца пра таямнічую і гаючую сілу траў. Арганізатары раскажуць пра дрэвы, якiя выконваюць жаданні.

Вас чакаюць «Крапіўныя баі», гульні «Дубамет», «Сонечны» валейбол, «Катанне сонца», варажба на «Коле дзявочага шчасця», гульні для хлопцаў і дзяўчат: «Гарэлкі», «Ручаёк», «Сватаем нявесту, забіраем жаніха!». Таксама можна будзе перамясціцца ў часе з дапамогай старадаўніх купальскіх абрадаў.