Дзесяткі лістоў Вользе Корбут амаль 50-гадовай даўніны ад фанатаў з розных краін прынеслі ў пачатку чэрвеня гродзенскаму калекцыянеру Янушу Парулісу. Лісты алімпійскай чэмпіёнцы знайшліся выпадкова ў старым куфры. Спартсменка пракаментавала знаходку.
Вольга Корбут падзялілася нашым матэрыялам на сваёй старонцы ў Facebook. Пры гэтым яна пакінула каментар: «Я гэтага не ведала! Ух ты! Як гэта магчыма? Мае лісты, якіх я так і не бачыла! З 1972−1976 гадоў!».
Сябры і знаёмыя Вольгі таксама пісалі на яе старонцы пад матэрыялам. Хтосьці казаў, што сярод канвертаў ёсць і высланыя ім, а нехта прапанаваў гродзенскаму калекцыянеру перадаць усе лісты адрасату.
«Я гатовы з Вольгай падзяліцца лістамі. Хай прыязджае ў Гродна, у мой музей. Мы — гродзенцы, здолеем дамовіцца», — сказаў калекцыянер Януш Паруліс.
Аказваецца, лісты Вользе Корбут ад фанатаў знаходзяцца яшчэ і ў Гродзенскім абласным архіве. Яны прыходзілі на адрас Гродзенскага педінстытута, дзе вучылася спартсменка. Лісты перадаў у архіў пісьменнік Аляксей Карпюк ў 1980 годзе.
Даведка
Вольга Корбут — адна з самых вядомых беларускіх і савецкіх спартсменак. Нарадзілася ў 1955 годзе ў Гродне. На Алімпіядзе-1972 у Мюнхене выйграла тры золата і срэбра, а праз чатыры гады ў Манрэалі - яшчэ па адным залатым і срэбраным медалі. Свет скарыла лёгкасць, з якой яна рабіла самыя складаныя элементы, адзін з якіх назвалі ў яе гонар — «Пятля Корбут». Назва гэтага элемента не толькі праславіла Вольгу Корбут, але і збольшага стала метафарай яе жыцця. Не раз вакол яе асобы разгараліся скандальныя або рэзанансныя гісторыі. Сёння Вольга Корбут жыве ў ЗША.