Спектакль пакажуць у Гродзенскім абласным тэатры лялек 26 чэрвеня.
«У спектаклі перад чатырма маладымі людзьмі стаяць простыя задачы, асноўная з якіх — сабраць яблычны ўраджай, але яны зусім не могуць з імі справіцца. Больш за тое, гэтыя „задачы“ ставяць моладзь ў тупік, выклікаюць істэрыку і адмаўленне. І добра, калі б інфантылізм гэтых герояў быў проста пацешным і бяскрыўдным, але ў гэтым выпадку ён прыводзіць да разбурэння. Простая гісторыя ператвараецца ў тэатр абсурду. Паступова глядач ўлоўлівае схаваныя сэнсы і метафары, — так кажуць пра спектакль арганізатары. — Абсурдныя і гратэскныя сцэны спектакля абвастраюць, на першы погляд, просты сюжэт».
Спектакль пастаўлены па п’есе Паўла Пражко — уладальніка прэміі «Залатая маска». Рэжысёр — Дзмітрый Цішко, дзеючы рэжысёр Беларускага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы.
У ролях: Мікалай Вілімовіч, Натэлла Бялугіна, Ірына Купчанка, Сяргей Саўко.