“Мне патрэбна тваё адзенне”. У Гродне паказваюць “Тэрмінатар 2” на беларускай мове

Гэтымі днямі, 7-9 чэрвеня, у гродзенскім кінатэатры “Космас” адбываюцца паказы фільма Джэймса Кэмерана “Тэрмінатар 2. Судны дзень” у прафесійнай агучцы на беларускай мове. Паказваюць 3D-версію – “юбілейнае” перавыданне, якое было зроблена да 25-годдзя знакамітай стужкі.

“Тэрмінатар 2” – гэта першы ў гісторыі Беларусі фільм у 3D, які можна паглядзець на беларускай мове. У запісу ўдзельнічалі беларускія акцёры і тэлевядоўцы. Андрэй Мілюхін агучыў няўрымслівага Т-1000 (персанаж Роберта Патрыка), Павел Харланчук – гуманнага Т800 (Арнольд Шварцэнэгер), Святлана Цімохіна агучыла Сару Конар (Лінда Хэмілтан).

На гродзенскіх паказах, якія доўжацца ўсяго тры дні, на ўваходзе гледачам раздавалі інфабуклеты пра фільм, а валанцёры перад сеансам апытвалі, якія яшчэ фільмы яны хацелі бы паглядзець па-беларуску ў Гродне.

"Мне патрэбна тваё адзенне". У Гродне паказваюць "Тэрмінатар 2" на беларускай мове

"Мне патрэбна тваё адзенне". У Гродне паказваюць "Тэрмінатар 2" на беларускай мове

Кіно па-беларуску на вялікім экране –  адносна новая з’ява для Беларусі і асабліва для Гродна. Паказы праходзяць у межах праекта “Беларускія ўікенды” пра падтрымцы кампаніі Velcom | A1. Мінская кампанія “Кінаконг” займаецца прафесійным агучваннем і ладзіць рэгулярныя беларускамоўныя паказы ў кінатэатрах свайго горада ўжо некалькі год: усе квіткі на сеансы раскупаюцца загадзя. У Гродне гэта агулам чацвёрты паказ, а сёлета толькі другі.

“Па жанрах мы стараемся перамяжоўваць. Папярэдні фільм быў дзіцячы, “Хронікі Нарніі”, цяпер гэта баявік, а наступным, і ў Мінску, і ў Гродне, мы плануем паказаць лірычны фільм “Хаціка” – расказаў Андрэй Кім, кіраўнік “Кінаконга”. Арганізатары абяцаюць, што гэта адбудзецца прыблізна праз месяц, а пазней яны плануюць прывезці знакаміты фільм пра мілага мядзведзя, “Падынгтан”, магчыма, нават дзве часткі.

Каардынатарка гродзенскіх паказаў лічыць, што беларусы ў кожным горадзе мусяць мець магчымасць глядзець кіно на сваёй мове, і спадзяецца, што з цягам часу гэта стане натуральнай з’явай, а не надзвычайнай падзеяй.

"Мне патрэбна тваё адзенне". У Гродне паказваюць "Тэрмінатар 2" на беларускай мове

"Мне патрэбна тваё адзенне". У Гродне паказваюць "Тэрмінатар 2" на беларускай мове

Гледачы перад сеансам пацвярджалі, што прыйшлі паглядзець улюбёны фільм дзяцінства ў кінатэатры, многіх зацікавіла мова паказу.

“На фільм прыходзяць пераважна рускамоўныя гледачы, гэта 90% нашай аўдыторыі. Для таго, каб любіць беларускую мову, неабавязкова размаўляць па-беларуску”, – тлумачыць Андрэй Кім.

Выбар фільма для паказу невыпадковы. “Тэрмінатар 2” – класіка кіно, фільм, які атрымаў чатыры “Оскары”, змяніў стаўленне тагачаснага кінематографа да ўжывання камп’ютарных эфектаў, а крытыкі прызнаюць ролю Тэрмінатара найлепшай у кар’еры Арнольда Шварцэнэгера.

Забраніраваць або купіць квіткі анлайн

“Гэта легендарнае кіно. Менавіта “Тэрмінатар 2″ мае культавы статус. Таксама ёсць пэўная актуальнасць таго, пра што ён кажа: вакол нас многа войнаў, гвалту, і ёсць момант дэгуманізацыі чалавека. Гэты фільм пра страх чалавека, што давядзецца адказваць за свае учынкі”, – лічыць Андрэй Кім.

– Фільм вельмі глыбока раскрывае момант дэгуманізацыі Тэрмінатара. “Тэрмінатар” перакладаецца як “ліквідатар”, ён створаны, каб забіваць людзей. І зараз у многіх медыа прынята дэгуманізаваць некаторых людзей, напрыклад, казаць не “забілі тэрарыста”, а “ліквідавалі тэрарыста”. Тэрмінатар на працягу фільма вучыцца цаніць жыццё. У канцы ёсць класная фраза: “Калі гэты робат-забойца навучыўся цаніць чалавечае жыццё, то можа і ў нас ёсць шанец”. Акрамя таго, што сам па сабе фільм культавы, і мы яго даўно хацелі агучыць, мне здаецца, што ён актуальны і цяпер, нам варта больш цаніць адзін аднога.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

"Мне патрэбна тваё адзенне". У Гродне паказваюць "Тэрмінатар 2" на беларускай мове
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: