З 25 мая па 5 чэрвеня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць рэспубліканскае спецыяльнае комплекснае мерапрыемства (СКМ) «Увага — дзеці!». За няўключанае блізкае святло кіроўцаў будуць штрафаваць.

У гэты перыяд кіроўцы абавязаны рухацца з уключаным на транспартным сродку блізкім святлом фараў або дзённымі хадавымі агнямі кругласуткава, папярэджвае гродзенская ДАІ. За ігнараванне гэтага патрабавання чакае адміністрацыйная адказнасць — штраф да 2 базавых велічынь (ч. 3 арт. 18.14 КаАП Беларусі).

Дзяржаўтаінспекцыяй будзе праводзіцца і інфармацыйная праца. Узмоцніцца кантроль за перавозкамі дзяцей індывідуальным транспартам і школьнымі і экскурсійнымі аўтобусамі.

На час акцыі месцы працы мабільных датчыкаў фіксацыі хуткасці, як і нарадаў ДПС, будуць набліжаны да ўстаноў адукацыі і мясцін магчымага скаплення дзяцей.