У мінулым годзе трое лідчан напісалі заявы ў праваахоўныя органы і прад’явілі прэтэнзіі да 55-гадовага жыхара Ліды. Ён, назваўшыся лекарам, узяўся здымаць з іх сурокі, але падмануў чаканні, піша lidanews.by.
Адна з пацярпелых распавяла, што неяк, будучы ў гарадской лазні, ад незнаёмых жанчын яна даведалася, што ў Лідзе ёсць мужчына, які здымае сурокі і лечыць ад розных хвароб. Папрасіла даць ёй яго нумар тэлефона, паколькі ў апошні час стала пагаршацца здароўе, а таксама ўзнікалі рознага роду жыццёвыя праблемы. І неўзабаве ў руках апынуўся лісток з запаветнымі лічбамі.
Праз некаторы час лідчанка патэлефанавала Мікалаю (імя зменена). Распавяла ў агульных рысах, што яе трывожыць, і папрасіла дапамагчы. Лекар адказаў, што яму пад сілу вылечыць такіх, як яна, тых, хто пакутуе, і прызначыў сустрэчу на 10 гадзін раніцы наступнага дня ў сябе ў кватэры, размешчанай у шматпавярхоўцы на адной з цэнтральных вуліц горада. Каб правесці сеанс, з сабой жанчыне трэба было ўзяць чатыры сырых курыных яйкі, чатыры свечкі, ваду і цукар. Пра кошт паслугі ў той момант размова не ішла.
На наступны дзень лідчанка ў чаканні цуду, маючы пры сабе яйкі, свечкі, ваду і цукар, пераступіла парог кватэры. Гаспадар, адкрыўшы дзверы, правёў наведвальніцу ў адзін з пакояў, пасадзіў на крэсла, а сам, стаўшы насупраць, пачаў уважліва вывучаць яе позіркам. Жанчыне здалося, што чараўнік і чарадзей чымсьці раздражнёны. Ды і ён сам не хаваў: да гэтага прыходзіла «цяжкая» кліентка і сапсавала яму настрой. Абмовіўся пры гэтым: маўляў, усё ходзяць, ходзяць да яго людзі, просяць дапамагчы і ўжо парадкам надакучылі. Спалохаўшыся, што разгневаны лекар, калі нешта пойдзе не так, можа выставіць яе за дзверы, жанчына прамаўчала, калі ён стаў называць нібыта існуючыя ў яе захворванні і ні з адным не трапіў у кропку. Ненавязліва сама пачала казаць пра хваробы, якімі на самай справе пакутуе.
Ён бачыць у жанчыны сурокі і зможа іх зняць. Пасля гэтага патрэба ў паходах па лекарах знікне. Маг патлумачыў: для зняцця сурокаў давядзецца правесці тры сеансы, кожны з якіх будзе каштаваць 20 еўра. Мужчына казаў настолькі ўпэўнена, што сумневы, якія зарадзіліся пасля таго, калі ён няправільна вызначыў хваробы, зніклі, і наведвальніца шчыра паверыла ў звышнатуральную сілу чарадзея.
Пачаўся рытуал зняцця сурокаў. Мікалай прачытаў малітву, пасля гэтага ўзяў у рукі прынесенае жанчынай курынае яйка і пракатаў ім ёй па галаве, руках, спіне, нагах. Затым разбіў яйка і выліў яго змесціва ў паўлітровую банку. Яно было на выгляд звычайным. Аднак лекар убачыў у ім нядобрае. «Як я і думаў, на вас сапраўды наведзены сурокі», — адзначыў ён. Пасля гэтага Мікалай запаліў свечку і пачаў выводзіць ёю фігуры ў паветры. Потым нешта пашаптаў над вадой і цукрам, якія прынесла наведвальніца. Уся працэдура заняла крыху больш за пяць хвілін.
Як і дамаўляліся, наведвальніца заплаціла Мікалаю за праведзены сеанс 20 еўра. Ён, у сваю чаргу, прызначыў ёй час наступнай сустрэчы. Аддаў жанчыне адно курынае яйка, свечку, ваду і цукар. Курынае яйка яна павінна была пакласці на тры дні каля галавы ў ложку, а па заканчэнні часу разбіць і выліць змесціва ў слоік з вадой, а затым усё выліць ва ўнітаз, свечку — выкінуць на перакрыжаванні, ваду — піць з раніцы нашча, цукар — піць з гарбатай. Лідчанка няўхільна выканала ўсе гэтыя патрабаванні. Калі выліла змесціва яйка ў слоік з вадой, убачыла, што жаўток быццам ахутаны белымі ніткамі. У наяўнасці сурокаў, пра якія казаў Мікалай, у яе ўжо не было ніякіх сумневаў.
А каб замацаваць поспех, лекар прапанаваў наведвальніцы купіць у яго абярэг з каменя, які ён, па яго словах, падняў са дна мора ля Ерусаліма і на якім, ён упэўнены, пакінуў свой след Ісус. Маўляў, гэты камень ён і сам загаворваў цэлую ноч, а значыць, камень мае яшчэ большую сілу і абараняе ад усіх нягод. Каштаваў такі абярэг ўсяго нічога — 105 еўра. Сума жанчыне падалася даволі вялікай. Аднак зноў сваю ролю адыгралі наяўныя праблемы са здароўем і жыццёвая бязладзіца, і яна вырашыла рызыкнуць і купіць абярэг. Ім аказаўся маленькі, з паўпазногця велічынёй, каменьчык. Але хіба памер мае значэнне?
Ішоў час. Зменаў у лепшы бок у жыцці жанчыны не адбывалася. Праблемы са здароўем сталі яшчэ вастрэйшымі. Муж па-ранейшаму працягваў злоўжываць спіртным, а ў ходзе чарговага скандалу моцна збіў жонку, пагражаў забіць, па факце чаго была ўзбуджаная крымінальная справа. Да жанчыны пачало прыходзіць ўсведамленне таго, што маг, да якога яна звярталася, махляр. Рэальнай дапамогі яна так і не атрымала, а грошы за сеансы і абярэг выплаціла дарма.
«Да мяне і ў час размовы з Мікалаем прыходзілі думкі, што ён мяне дурыць, але з-за цяжкай жыццёвай сітуацыі я шукала які-небудзь выхад і вырашыла прайсці сеансы да канца», — тлумачыла жанчына.
Яны сталі кліентамі Мікалая, а затым раптам зразумелі, што правядзенне сеансаў, продаж абярэга былі разводам на грошы.
Сам Мікалай вінаватым сябе не прызнаў. Сцвярджаў, што доўгі час займаецца магіяй, у прыватнасці, здыманнем з чалавека сурокаў і праклёну, і сапраўды валодае дарам такім чынам дапамагаць людзям. І камень, які ён прапаноўваў сваім кліентам як абярэг, ён сапраўды прывёз з Іерусаліма. Мікалай добраахвотна кампенсаваў пацярпелым прычыненую шкоду.
Тым не менш мужчына паўстаў перад судом Лідскага раёна. Суд пагадзіўся з меркаваннем пацярпелых: іх абвялі вакол пальца. Дзеянні абвінавачанага былі кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 209 КК як завалоданне маёмасцю шляхам падману (махлярства) і ч. 2 арт. 209 КК як завалоданне маёмасцю шляхам падману (махлярства), здзейсненае паўторна. Сукупнасць устаноўленых па справе доказаў з’яўляецца законнай і дастатковай падставай для вынясення абвінаваўчага прысуду.
Дзейнасць экстрасэнсаў, чараўнікоў, ведзьмакоў, прадракальнікаў не рэгламентаваная заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, такога роду эканамічнай і прадпрымальніцкай дзейнасці не існуе. Нягледзячы на гэта, Мікалай пазіцыянаваў сябе перад грамадзянамі як чалавека, які валодае нібыта звышздольнасцямі у сферы магіі. Пра гэта сведчыць тое, што незнаёмыя пацярпелым людзі дапамаглі ім звязацца з абвінавачаным для вырашэння праблем са здароўем і сямейных праблем. Мікалай адгукнуўся на просьбы пацярпелых, правёў з імі рытуалы, прадаў камяні і за гэта ўзяў у іх грошы. Дарэчы, даследуючы каменьчыкі, якія купілі пацярпелыя ў Мікалая, геалагічная лабараторыя дала заключэнне, што камяні з’яўляюцца ўзорам звычайнага сярэднезярністага граніту і кошту не маюць. Сваяк мужчыны паказаў, што па просьбе апошняга прыкладна раз у паўгода на лесвічнай клетцы разбіваў камяні на больш дробныя.
Абвінавачваемы ў махлярстве Мікалай атрымаў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 100 базавых велічынь.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…