У мінулую пятніцу ў эфіры тэлеканала АНТ настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 1 г. Скідзеля Наталля Чаркес паспяхова згуляла з камандай Сяргея Буяна. Яна даслала відэапытанне, у якім, стоячы каля цікавай металічнай канструкцыі, паведаміла, што знаходзіцца ў Польшчы. І прапанавала знаўцам адгадаць, што гэта за прыстасаванне. Гаворка ішла аб канструкцыі, усталяванай паблізу пешаходнага пераходу, якая дазваляе веласіпедысту не спешвацца ў чаканні зялёнага святла. Досыць пад’ехаць да яе, паставіць нагу на падножку, а рукой трымацца за верхнюю частку. Своеасаблівай падказкай быў шум машын, паведамляе rgazeta.by.

Калі каманда прыступіла да абмеркавання, адзін з гульцоў на першых секундах агучыў правільны адказ. Але па заканчэнні хвіліны адказваць даверылі Дар'і Шаўцовай. Тая выказала здагадку, што дадзеная канструкцыя прызначаецца для лыж. Так Наталля Чаркес выйграла ў знаўцаў 200 рублёў.

Настаўніца са Скідзеля выйграла ў каманды знаўцаў гульні "Што? Дзе? Калі?" У Беларусі

Наталля Чаркес прызналася, што перадачу глядзіць яшчэ з часоў Савецкага Саюза. І не проста глядзіць, а аналізуе, хварэе за гульцоў. Прыкладна год таму, знаходзячыся з дочкамі ў Беластоку і заўважыўшы то самае прыстасаванне, у яе галаве мільганула думка зняць яго і адправіць у выглядзе пытання на любімую перадачу. Амаль год не было ні слыху ні духу. Вырашыла, што, магчыма, пытанне здалося занадта лёгкім. І вось прыкладна месяц таму на электронны адрас Наталлі Чаркес прыйшоў ліст, што яе пытанне будзе ўдзельнічаць у гульні. Паглядзела адну перадачу, другую… Нічога не было. А ў пятніцу вечарам сталі тэлефанаваць вучні, знаёмыя, маўляў, уключай тэлевізар!

Радасці было столькі, што не перадаць словамі, успамінае Наталля Чаркес. І, між іншым, ужо падумвае, адправіць на «Што? Дзе? Калі?» яшчэ адно пытанне. Якое? Убачым пазней.