Гродзенскія музыканты прэзентавалі ў мінскім «Re:public» новы альбом “Радыё “Harodnia”. Гэта першы за тры гады сольны канцэрт, дазволены ў Мінску.
Dzieciuki аб’ядноўваюць сярод прыхільнікаў панкаў і інтэлектуалаў, маладых і сталых. Тых, каму падабаюцца песні на вершы беларускіх паэтаў і пра беларускую гісторыю, а таксама пра піва ды віскі. Самі музыканты называюць сваіх прыхільнікаў сябрамі, а не фанатамі. А ўсіх, хто шануе Гродна і гродзенскі фолк-панк – гродзенцамі.

Музыканты выйшлі ў цішотках “Увага! Нізкі мастацкі ўзровень”. Менавіта з такой фармулёўкай ім адмаўлялі ў сольных канцэртах. Прэзентацыя ў Мінску – першы дазволены канцэрт за тры гады. “Магчыма, вырашылі: ну, няхай ужо гарлапаняць свой фолк-панк! А то усе гэтыя забароны толькі падаграваюць зацікаўленасць!”, – кажа Алесь. І падкрэслівае, што яны ніколі не хацелі піярыцца на забаронах. Хоць і выступаюць за мяжой больш, чым у Беларусі.
Dzieciuki пачынаюць выступ з новых песень, чаргуючы іх з чаканымі і вядомымі. Разам з музыкантамі выступілі госці – Павел Аракелян, Сяргей Башлыкевіч і Кастусь Путронак з фольк-гурта “Варган”. На канцэрце разгарнулі вялікі сцяг памерам 10*15 метраў, падчас песні “Чэкіст” зладзілі цэлы перформанс, а на песню “Простыя людзі” на сцэну выйшла некалькі дзесяткаў наведвальнікаў. Па звестках арганізатараў, канцэрт сабраў каля 700 чалавек.

– Мы паспрабавалі зрабіць песні больш разнастайнымі, эксперыментавалі са стылямі. Вось, напрыклад, адна з песень будзе прыбліжаная па стылі да хардкор-панка, але потым ідзе пераход у вальс, – усміхаецца Алесь.
Сам альбом з’явіцца ў сеціве ў чэрвені, калі музыканты вярнуцца з тура. А пакуль можаце паслухаць сінгл “Калі пад лугам бусел праляцеў” і паглядзець на яго кліп.
– Нам хацелася неяк звязаць усе песні паміж сабой. Ідэя, што нехта слухае нейкае радыё, дзе перадаюць наш альбом, нам падалася цікавай, – тлумачыць музыкант назву альбома.
– У альбоме будзе 12 песень. Не будзе кавераў, як на двух папярэдніх. Будзе больш маіх тэкстаў, а не Дзяніса Жыгаўца. Ён паціху рыхтуе і адкладае вершы на будучыню, – расказаў Алесь Дзянісаў напярэдадні. – Будзе песня на верш Уладзіміра Караткевіча, дзве песні – на вершы Алеся Чобата (адна з іх не ўвайшла ў мой самотнік “Кароткая гісторыя Беларусі”), і яшчэ адна – на верш пачынаючага паэта Гародні.

За час ад апошняга альбома да новага у музыкантаў змяніўся склад. З’явіўся яшчэ адзін бубнач – Аляксандр Рацько, які часам замяняе Аляксандра “Сыра” Сыраежка з нагоды яго нязручным графікам працы. Замест вакаліста Паўла “Трабла” прыйшоў Уладзіслаў Бернат.
– Улад даволі лёгка ўпісаўся ў калектыў. Мае добры вакал. Будзе вучыцца граць на дудзе. Я б хацеў папрасіць усіх не параўноўваць Улада з Паўлам. Кожны з іх – самабытны. Страта Трабла для нас, не буду хлусіць, была важкай стратай і непрыемным ўдарам; але мы ачухалісь, і цягнік ідзе далей. І яшчэ. Мы не сварыліся. Негледзячы на тое, што апошні канцэрт мы адлабалі разам на фэсце “Наш Дзень”, і ўжо пачынаючы з лета 2018 года Трабл з намі не ездзіў на канцы і фэсты, мы спакойна працягвалі сумесную працу над альбомам. Мы не падзялялі спадчыну гурта. Вы ніколі не пачуеце нейкіх дробных скандальчыкаў і брудных інтрыжак вакол нашай каманды, і ўсёй гэтай сітуацыі, – расказвае Алесь. А Павел пачне працу над уласным праектам.

Акрамя майскага тура, увосень плануюцца канцэрты ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце. Вяліся папярэднія размовы яшчэ з парай гарадоў. Ці будзе канцэрт у родным Гродне, невядома – да гэтага некалькі гадоў музыкантам адмаўлялі ў “гастрольцы”.





































