Убачыць гродзенскі лямус і спусціцца ў сутарэнні брыгіцкага касцёла змаглі наведвальнікі экскурсіі «Спадчына брыгітак» 13 красавіка. Разам з экскурсаводам Гражынай Шалкевіч экскурсію праводзіў ксёндз з храма Антоній Грэмза і гродзенка Тэрэза Белавусава.
«Касцёл і кляштар скончылі будаваць адначасова, — распавёў Антоні Грэмза. — Усяго будаўніцтва заняло 15 гадоў. Сам храм першапачаткова будаваўся родам Весялоўскіх як сямейная пахавальня. Яны планавалі быць пахаваныя тут і запрасілі манаскі ордэн брыгітак, каб тыя маліліся за памерлых».
Разам са святаром экскурсія спусцілася ў падвалы храма. Цяпер там знаходзіцца месца сходу іх абшчыны, а таксама карцінная галерэя з абразамі XVI — XVII стагоддзяў. Таксама ў падвалах захоўваюцца некаторыя асабістыя рэчы брыгітак і рэшткі бібліятэкі манастыра.
Па словах святара, гісторыя брыгіцкага архіва не вельмі радасная. «Калі манастыр зачынілі, тут была псіхлячэбніца. Будынак перараблялі, многія ўваходы былі замураваныя і створана мноства перагародак. І вось аднойчы, калі праводзіліся працы, быў знойдзены архіў брыгітак, іх бібліятэка, а таксама партрэты роду Весялоўскіх. Усё гэта было канфіскавана і перавезена ў Санкт-Пецярбург».
Наконт закрыцця манастыра ў экскурсавода таксама ёсць свая гісторыя: калі прыйшла расійская ўлада, то паўстала пытанне пра закрыццё каталіцкіх манастыроў. Але манастыр у Гродне пакінулі. Брыгіткам дазволілі прыняць у сябе сясцёр-законніц іншых ордэнаў. Пасля смерці апошняй брыгіткі манастыр аблюбавалі сёстры-назарэтанкі.