Моцна панішчаныя дакументы гродзенскага брыгіцкага кляштара ўдалося адрэстаўраваць дзякуючы супрацоўніцтву музеяў Гродна і Беластока.

Дакументы з вялізнага архіву брыгітак, які ахопліваў 16−20 стагоддзі, трапілі ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей больш за 50 гадоў таму. Іх стан быў жахлівы. Польскія калегі атрымалі грант на захаванне старадаўніх дакументаў.

[irp posts="46 179″ name="У Беластоку выратавалі ад знішчэння каштоўны архіў гродзенскіх брыгітак"]

Пакуль аднавілі каля 300 картак: іх ачысцілі ад цвілі і бруду, апрацавалі адмысловай вадкасцю, важныя страчаныя фрагменты аднавілі.

«У асноўным там утрымліваюцца манастырскія статуты, пропаведзі, малітвы і мноства гаспадарчых дакументаў - дагаворы, вопісы, ацэнка маёмасці. Калі як след заняцца, то можна ўявіць, як жылі людзі ў тыя часы», — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелТА Юрый Кітурка.

Як і ўсе дакументы, якія паступаюць у музей, архіў брыгітак пройдзе навуковую інвентарызацыю. У будучыні з дакументамі змогуць працаваць навукоўцы. Таксама частка архіва ўвойдзе ў вялікую выставу пад назвай «Сакральная спадчына Панямоння», якую плануюць адкрыць у лістападзе 2018 года.

У музеі захоўваецца толькі часта дакументаў кляштара. Архіў брыгітак дагэтуль лічыцца ў вялікай ступені страчаным.

Дарэчы, гродзенскі і беластоцкі музеі выступаюць партнёрамі ў праекце «Будаўніцтва рэгіянальных цэнтраў па даследаванні і захаванні помнікаў» у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» на 2014−2020 гады. Кошт праекта каля 1,2 млн еўра.